Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Антон, вярніся! Хутчэй вярніся.
Карабкаюся, не зважаючы на крык. Вось выступ, падобны на рагатага казла (пастараліся сонца, вецер і дождж). Міну яго, і там, за выступам, каменьчыкі. Я ўхапіўся рукою, падцягнуўся. Стаў на ўвесь рост, падняў руку і на ўсю моц:
— О-го-го-о-о…
«Го-го-го-го…» — смехам панеслася рэха. Я яшчэ некалькі разоў запар, каб рэха рэха дагнала:
— 0-го-го, о-го-го…
Я быў на сёмым небе ад радасці. Мне здавалася, што стаю не на трохметровым абрыве, а на самай высокай вяршыні свету. Маю душу перапаўняла шчасцем. Шчасце так і рвалася з душы.
— О-о-о-о…
«О-о-о-о…» — паімчалася рэха, разносячы маё шчасце па гарах. Чаму перапаўняла шчасцем? І сам не ведаю. Бываюць жа ў чалавека шчаслівыя хвілі. Шкада, што рэдка прыходзяць…
— Антон, чаго гарлапаніш? Вышэй не палезеш? Дам прачуханца! — памахаў кулаком Васіль.
Я падняў каменьчыкі-зорачкі, сціснуў у руцэ і, моцна ўпіраючыся нагамі, стаў спускацца ўніз. За выступам гліны, падобным на рагатага казла, штосьці сыкнула. Што такое? Можа, здалося? Натапырыў вушы, прыслухоўваючыся. Не, не здалося. Сыкае і фыркае. Відаць, змяя. Так, змяя. Каму здалося, а мне збылося. Падыду, а яна на мяне. Чаму не заўважыў, калі сюды лез? Мабыць, спала, скруціўшыся ў клубок. Разбудзіў, галёкаючы. На беднага Макара ўсе шышкі сыплюцца. Дагалёкаўся…
— Чаму не злазіш? — закрычаў Васіль.
— Не магу.
— Ногі адняліся?
— Хутка аднімуцца.
— Перастань жартаваць.
— Васіль, я не спушчуся.
Канешне, хацеў сказаць: «Я не магу спусціцца». А выйшла так, быццам знарок не жадаю спускацца, быццам вырашыў застацца тут. У Васіля, калі пачуў маё «не спушчуся», пэўна, вочы на лоб палезлі.
— Я да цябе дабяруся. Я цябе спушчу, — з пагрозай прагаварыў ён.
Васіль збіраецца да мяне лезці! А за выступам змяя. Сядзіць, чакае… І навошта за гэтымі каменьчыкамі палез? Хай згарэлі б яны.
— Васіль, не лезь! Там змяя.
Васіль чамусьці спярша азірнуўся, а пасля крыкнуў:
— Дзе?
— За рагатым казлом.
— За якім рагатым казлом?
— Вунь за тым кавалкам гліны.
Відаць, мы з Васілём яшчэ доўга перагукваліся б, калі б не Сакс. Адным махам ён ускочыў на абрыў. Відаць, не навіна яму па гарах лазіць. Гляджу: стаіць каля «рагатага казла», штосьці да грудзей туліць. Няўжо змяю? Няўжо не баіцца?
«А-а-а, дык ён змеялоў», — прынеслася ў галаве.
Я адступіў назад.
— Сакс, вы злавілі змяю?
Сакс нечакана для мяне весела засмяяўся:
— Гэта вожык.
— Сапраўдны вожык?
— Сапраўдны. Спускайся ўніз, не бойся.
У мяне як гара з плеч звалілася. Можна сказаць, на крылах уніз спусціўся.
Сакс сказаў праўду. Гэта была не змяя, а вожык. Ен сядзеў і фыркаў. А Сакс, не зводзячы з яго вачэй, шчасліва-шчасліва ўсміхаўся. Упершыню ўбачыў я на ягоным твары шчаслівую ўсмешку.
— Калючы. Ой, які калючы! — стараўся пагладзіць вожыка Васіль.
— Калючы, бо вожык, — сказаў Піліп Макаравіч.
— Вушы! Вушы ў яго! Вожык з вушамі! — крыкнуў Васіль.
Сапраўды, у вожыка былі вушы. Мне нават не паверылася, што гэта вожык.
— Чаму ў вожыка вушы? — пытаюся ў Піліпа Макаравіча.
— Гэта вожык-вушасцік. Есць такія ў пустыні. Вожык-вушасцік хутка прывыкае да чалавека, давярае яму.
Васіль крануў вожыка за вуха. А ён як фыркне! Васіль адхапіў руку, прагаварыў:
— Вось як давярае.
— Фыркнуў бы і ты, калі б за вуха схапілі,— кажу Васілю.
— Я фыркнуў бы? Я не вожык. Я фыркаць не ўмею. Васіль адышоўся, прысеў, паклікаў вожыка, як сабачку:
— Да мяне. Бяжы да мяне, вушасцік.
Хочаце верце, а хочаце не: вожык пабег да Васіля, затупацеўшы лапкамі.
— Бяжыць! Бяжыць! — усклікнуў Васіль. Нават Піліп Макаравіч не стрымаўся:
— Бач, як стараецца. Разумны!
— Давайце возьмем яго з сабою, — прапанаваў я.
— Няхай у гарах бегае, — сказаў Сакс. — У горадзе Карп яго ў клетку пасадзіць.
— Чаму? — пытаецца Васіль.
— Карп хоча, каб на волі жылі толькі мухі, павукі, мурашкі ды змеі. А ўсё астатняе…
Сакс не даказаў, махнуў рукою.
Усё астатняе… На планеце Сіз толькі гэты вушасцік цудам застаўся жыць. Зразумела, чаму Сакс шчасліва ўсміхаўся.
Абвал
Мы з Васілём яшчэ доўга тапталіся б каля вожыка-вушасціка, але Піліп Макаравіч сказаў:
— Вожык — не забаўка, не цацка, якую ў магазіне купілі. Трэба яго ў горы адпусціць.