Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Усе абступаюць яго.

Сястрыца, розум твой дзіцячы,— Ты, ўцех шукаючы і ўдачы, Ліхія выбрала шляхі. Скажу адно, а ты паслухай: Калі зрабілася ўжо шлюхай, Дык адкрывай свае грахі.

Грэтхен

Браточак! Што ты! Божа мой!

Валянцін

Маўчы, хоць богу дай спакой. Ты добра ведаеш сама: Што страчана, таго няма. З адным круціла ты залёты, Дайшлі другія да ахвоты, А як за тузін запаўзе, Ўвесь горад будзе на чарзе. Складаныя шляхі аблуды: Употай крадзецца яна, Хаваючы свой твар усюды, Заўжды, з відна і да цямна. Спярша яшчэ ў ёй сілы мала; Пасля ж расце і, як назло, Выходзіць голай на святло, Хоць прыгажэйшаю не стала. І чым страшнейшая з аблічча, Тым бессаромней яна кліча. І прыйдзе, прыйдзе час той хутка, Калі табе сумленны люд За твой падман і брудны блуд У вочы плюне, прастытутка! Пашэрхне сэрца, як кара, Калі хто гляне, і адмовяць Насіць каралькі, і на споведзь Не пойдзеш больш да алтара, Не пакрасуешся сукенкай, Не будзеш мілаю паненкай — Юродкаю паміж калек Ганебна дажывеш свой век; Хай богам ты і не праклята, Але прымі пракляцце брата!

Марта

Не праклінай, пабойся бога, Твая ўжо смерць каля парога.

Валянцін

Каб растаптаць я толькі мог Цябе, распусная гадзюка, Была б то лепшая зарука, Што мне грахі даруе бог.

Грэтхен

Якая мука! Братка мой!

Валянцін

Паплач, паплач за сорам свой! Яго ты ўжо даўно згубіла І брата ганьбаю забіла. Салдацкі гонар я збярог, І мне суддзёй — хай будзе бог.

(Памірае.)

Сабор{78}

Набажэнства, арган, спевы.

Грэтхен сярод парафіян. За ёю Злы Дух.

Злы Дух

Зусім інакш, ты Грэтхен, Да алтара Нявіннаю хадзіла. З зачытанае кніжкі Малітвы ты шаптала. Гульня дзіцячая І бог у сэрцы! Грэтхен! Дзе галава твая? Якая скруха Ляжыць на сэрцы? Ці молішся за матчыну душу, Што па віне тваёй асуджана на мукі? А на тваім парозе кроў. Чыя яна? …Што пад трывожным сэрцам Варушыцца, жыве?.. Ці не палохае цябе яно Грахоўнаю прысутнасцю сваёю?

Грэтхен

О, гора мне! О, як пазбыцца цяжкіх дум, Што пранікаюць у душу І сэрца мне вярэдзяць!

Хор

Dies irae, dies illa Solvet saeclum in favilla.{79}

Акорды аргана.

Злы Дух

Гучыць труба! Дрыжаць магілы! Душа твая З агню і тлену Да мук пякельных Са страхам паўстае.

Грэтхен

Навошта я прыйшла? Здаецца, сам арган Дыханне мне сціскае. А спеў глыбока У сэрца западае.

Хор

Judex ergo cum sedebit, Quidguid latet adpfrebit, Nil inultum remanebit.{80}

Грэтхен

Як страшна мне! Муры вакол Гнятуць, гнятуць; Скляпенні душаць, Душна мне. — Паветра!

Злы Дух

Туляешся! А грэх і ганьбу Куды схаваеш? Святла? Паветра хочаш? Гора табе!

Хор

Quid sum miser tunc dicturus? Quem patronum rogaturus, Cum vis justus sit securus?{81}

Злы Дух

Адварочваюць твары Святыя ад цябе I рукі працягнуць Баяцца чыстыя! О гора!

Хор

Quid sum miser tunc dicturus?

Грэтхен

Суседка! Дайце ваш флакон!

(Падае непрытомная.)

Ноч Вальпургіі{82}

Гарц. Ваколіцы Шырке і Эленда.{83}

Фаўст. Мефістофель.

Мефістофель

Каб вам мятла ці ступа хоць якая! Я ж сеў бы на смярдзючага казла! — Бо нас дарога доўгая чакае.

Фаўст

Пакуль мяне яшчэ трымаюць ногі, He бачу ў тым я ні бяды, ні зла — Пяшэчкам вымяраць дарогі; Казёл нам тут не дапаможа. Блукаць па лабірынце ў бездарожжа, Узлазіць на вяршыню па скале, З якой ручай струмені лье — У гэтым бачу слодыч падарожжа! Вясна ідзе, бярозка сок пускае, Цяпло адчула і сасна; He дзіва, што і наша кроў іграе.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: