Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Каля студні{69}

Грэтхен і Лізхен са збанамі.

Лізхен

Ты чула, што Барбару напаткала!

Грэтхен

Не, я з людзьмі бываю мала.

Лізхен

Сівілачка шапнула мне на вушка, Што ўжо ў круцёлкі нашай пухне брушка,— Так ёй і трэба!

Грэтхен

Не!

Лізхен

Яно ж бо тое — Ужо і есць і п’е на двое!

Грэтхен

Ах! Ах!

Лізхен

Якая ж гэта навіна? Што заслужыла, тое — на! Штоноч спраўляла пагулянку, Любошчы з вечара да ранку, Усюды першай лезла смела, Віно піла, лагодкі ела, Каб дагадзіць свайму каханку. Дзе сорам? Страх? Наўме адно: Гулянкі, хлопцы і віно! Лізалася ў распуснай млосці І вось… чакае бусла ў госці.

Грэтхен

Няшчасная.

Лізхен

Твая спагада — не для шлюхі! Вось мы з табою, папрадухі, Сядзім, прадзём, на вуліцу — каб крок, Яна ж каханку горнецца пад бок, На прызбу цягне, ў сенцы і за плот — Шукае ўцех любоўных і прыгод. Дык хай жа гадаўка пакіне гулі, Паўзе да кірхі ў грэшніцкай кашулі.{70}

Грэтхен

Ён, пэўна, з ёй ажэніцца цяпер?

Лізхен

Трымай кішэнь напагатоў — Да лепшае зашле сватоў; Дарэчы, ўцёк і кавалер.

Грэтхен

Які падман жахлівы, бо-жухны!

Лізхен

А нават каб пабраліся яны, Вянок сарвалі б ёй мужчыны, А мы пад весніцы насыпалі б мякіны.

(Выходзіць.)

Грэтхен (ідучы дахаты)

І я калісьці кпіла ў горкай злосці З дурных памылак іншага кагосьці, Сукала плётак брудныя вяроўкі З грахоў няшчаснае сяброўкі! І прававала, і кляла, Счарніла б спрэс, калі б змагла — І вось цяпер якраз мне пара Дурная грэшніца Барбара! Ды ўсё, што ў грэх мяне ўвяло, Мне столькі-столькі радасці дало.

Гарадскі мур{71}

У нішы вобраз Mater Dolorosa{72}, перад ім вазы з кветкамі.

Грэтхен (ставіць свежыя кветкі)

Заступніца, Пакутніца, Нясі мой боль да бога. У сэрцы рана. Ты так аддана Аплакваеш сына свайго. Пакуты зносіш І слёзна просіш, Каб бог не пакінуў яго. Душа палае. Хто гэта знае? Хто мне ў бядзе паспагадае? Як збалела сэрца, Як дрыжыць, з грудзей ірвецца — О маці святая. Не маю патолі, Не маю шчасця-долі, Жыву, як у турме! Сама сябе не бачу І плачу, плачу, плачу, Ах, боль мне грудзі рве! Калі сягоння кветкі Табе збірала я,— Гарачая лілася На дол сляза мая. Калі ў маю камору Ў акно прамень зірнуў, Мяне застаў у горы, Мяне застаў адну. Ратуй ад ганьбы, лёсу злога, Заступніца, Пакутніца, Нясі мой боль да бога.

Ноч{73}

Вуліца перад домам Грэтхен.

Салдат Валянцін, брат Грэтхен

Валянцін

Акружаны з усіх бакоў Ардою п’яных дружбакоў, Сяджу, бывала, у карчме, Дзе кожнаму адно наўме — Каханку выхваліць сваю, Я слухаю і моўчкі п’ю, Кручу, падбочыўшыся, вус,— Бо не хвалько я і не хлус. Укіну чарку за сяброў, Скажу: «У кожнага свой густ, Кахай, гуляй і будзь здароў! Але знайдзіце мне дзяўчат Такіх, каб з Грэтхен сталі ў рад!» Тут шум, тут вэрхал, стукат, грук: «Ён праўду кажа, наш сябрук! Такой нідзе няма красы, Такая ўсім утрэ насы!» Хвалькам адразу як затне, Як ні круці — што не, то не! …А тут — насмешкі, жарты, кпіны, Атрута плётак, пырскі сліны; Калі на плечы ўзлезе гора, Лайдак апошні ў вочы пора. Сяджу ўвесь час напагатове, Лаўлю намёк у кожным слове. Тут нават хоць касцямі ляжаш, Хлусам нічога не дакажаш. Але!.. Каго нясе там ліха? Аж двое нават… Ціха! Ціха! — Калі панадзіліся ў госці, Пераламаю гіцлям косці.

Фаўст і Мефістофель.

Фаўст

Як там, святло лампадкі праз акно Цячэ ў густую цемру ночы, Чым ён жыве, яе спакой дзявочы, Праз шыбу з цемры не відно. Душа мая ў зачараванай багне.

Мефістофель

Ну, а ў мяне настрой, нібы ў ката, Калі на дах яго пацягне Чароўнай кошачкі цната, А ў думках толькі дабрата: Душа гульбы марцовай прагне, Аж загадзя каўтаю сліну. Праз дзень пазбаўлюся ярма — І вуды ўжо на шабасе закіну:{74} Там недаспіш — дык недарма!
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: