Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Значыцца, зноў вінаваты я?
— Ды не… чаму ты…
— Адным словам, бацькі? Так? Ну, добра, няхай сядзяць раўнадушныя людзі ў тутэйшым райкоме, ваенкамаце. Але вы… вы два гады тут служыце. Колькі вас — я не ведаю. Пэўна ж, не адзін дзесятак. Маладыя, адукаваныя! Побач ляжаць вашы таварышы па роду войск — маракі. Чаму ж вы не адшукалі іх імён? Ды вы маглі б не толькі адшукаць імёны, але замест гэтага стандартнага абеліска ўзвесці тут курган, гару славы, такі манумент, каб быў відзён з каўказскага берага.
Васіль уздыхнуў.
— Ты дрэнна ўяўляеш нашу службу. Не ведаю, як служылі ў ваш час. А мне, магу цяпер прызнацца, першы год было не да пошукаў герояў дэсанта. Ды і цяпер не столькі ў нас часу, каб займацца гістарычнымі даследаваннямі. Што ты хочаш ад салдата?
— На дзяўчат у вас хапае часу, — Івана Васільевіча ўсё яшчэ хвалявала, што Лада піша мараку, а ён, бацька, нічога не ведаў; падумаўшы пра таго, Ладзінага сябра, ён сказаў гэтыя словы, хоць тут жа зразумеў, што проста-такі жорстка — кідаць сыну такі папрок.
І Васіль здзівіўся, яршыста спытаў:
— Што ж ты хочаш, каб мы зусім выключыліся з жыцця?
— Жыццё — не адны дзяўчаты.
— Не рабіся маралістам, бацька.
Тон які! І падтэкст: маўляў, ведаю, які ты мараліст.
Іван Васільевіч трохі не абурыўся. Але стрымаўся. Сын ужо не той, які быў два гады назад, гэта — дарослы мужчына, і ў іх — мужчынская размова, якая натуральна пераходзіць з вялікага на малое, бытавое, і наадварот.
Але, пэўна, ад няёмкасці яны абодва маўчалі. Глядзелі на белыя грэбні хваль. Васіль стаяў так, каб пырскі абмывалі твар, аблізваў салёныя вусны. Антанюка-старэйшага таксама паступова пачало хваляваць мора, яго шум, прастор, хоць яму хацелася настроіць сябе супраць мора: яно можа назаўсёды прывабіць сына.
У Маі свая сям’я. Вылеціць з роднага гнязда Лада. З кім яны, старыя, застануцца? Сын ёсць сын. Пад старасць пачынаеш адчуваць, як дорага і як неабходна мець сына.
Васіль спытаў:
— Ты паедзеш начаваць у горад?
— Не. Я хацеў бы пераначаваць тут. Можа заўтра распагодзіцца. Хочацца зірнуць на горы, ад якіх у захапленні твая сястра. Кажа — нешта біблейскае.
— Каб ты выйшаў у мора і паглядзеў адтуль! Гэта здорава, я табе скажу! Якія формы! Дзівосы. Апісаць немагчыма. Трэба самому пабачыць.
— Дык можна тут пераначаваць?
— Улетку тут начуе тысяча чалавек. Уладзім. З поўным камфортам. Ты без рэчаў? Вось так?
— Думаеш, твая маці адпусціла б так — без дзвюх кур на дарогу мне, без чамадана ласункаў свайму няшчаснаму сыночку, які памірае з голаду?
Васіль засмяяўся.
— Я пакінуў чамадан на пошце.
— Тут, у нас? — Васіль як бы чамусьці сумеўся, але тут жа, падцягнуўшы рэмень на бушлаце, бадзёра сказаў: — Пайшлі на пошту.
Дзяўчына, якая сапсавала Івану Васільевічу настрой сваёй няветлівасцю, убачыўшы Васіля, расцвіла, што ружа, і растала, як воск. Усхапілася радасна:
— Вася! Ты ідзеш на пост?
Здаецца, пераскочыла б цераз бар’ер сваёй загарадкі і кінулася б у абдымкі, каб у дзвярах следам за высокім бравым мараком не з’явіўся невысокі хударлявы чалавек у плашчы — той самы.
— Да мяне прыехаў бацька. Пазнаёмся, — павярнуўся Васіль і прадставіў паштавічку, якую такая нечаканасць аглушыла, што громам. — Валя.
Іван Васільевіч цераз бар’ерчык працягнуў руку, сказаў банальнае, звычайнае:
— Вельмі рады, вельмі рады, — але гучала гэта як здзек, як насмешка, як суровы дакор. Больш нічога і не трэба было казаць — дзяўчына пакарала сама сябе. Рука яе, якую яна не адразу здагадалася падаць, была вільготная і халодная, вочы — у банцы з клеем. Шчокі ўспыхнулі, а лоб пажаўцеў. Збянтэжанасць зрабіла твар яе непрыгожым. Іван Васільевіч падумаў пра сына: «Не мае густу хлопец».
Васіль зірнуў на дзяўчыну і засмяяўся.
— Валя! Цябе быццам халоднай хваляй змыла з масткоў. Не бойся, не патонеш. Што здарылася?
Яна зрабіла ўсмешку, таксама непрыгожую.
— Праўда, чаму ты крывішся?
Відаць, гэтае «крывішся» падказала ёй выйсце з недарэчнага становішча.
— У мяне баліць зуб.
Іван Васільевіч ухваліў яе знаходлівасць. А можа і праўда ў чалавека баліць зуб? Тады даруем ёй. З зубным болем хочацца гыркаць і кусаць любога, хто надакучае.
— Скажы, Валя, Іван Васільевіч Антанюк мог бы пераначаваць у вас? Бацька хоча дачакацца пагоды… ля мора.
«Іранізуе, прайдзісвет, — без злосці падумаў Антанюк. — Рады, а не хоча выдаць радасці».
Валя ўмее быць галантнай і ветлівай. Пэўна, зуб перастаў балець. Яна заззяла ўсмешкай.
— О, канечне! Вася, як табе не сорамна так пытаць! Тата будзе рады з вамі пазнаёміцца, Іван Васільевіч! Пасядзіце хвіліначку. Я збегаю папярэджу маму.
Кінуўшы на іх пошту, касу, тэлеграф і тэлефон, яна вылецела за дзверы.
Іван Васільевіч з няўхвалай падумаў пра гэтую дзявочую бестурботнасць. Пажартаваў: