Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Ты, праўда, прыехаў да мяне?
— Ты ўсё яшчэ не верыш?
Васіль збянтэжыўся, прызнаўся:
— Я не чакаў,— і ў вачах яго бліснула зусім дзіцячая радасць, такая чыстая, што кранула бацьку трохі не да слёз.
Каб схаваць сваю ўзрушанасць, ён пажартаваў:
— Я ж вольны чалавек — пенсіянер.
— Мама казала, што ты модна перажываў сваю адстаўку. Я разумею. З тваёй энергіяй…
— Ну, мама нагаворыць! Мяне запрашаюць назад. Сітуацыя змянілася. І я падумаў, што, калі вярнуся на працу, цяжка будзе вырвацца…
Здзівіўся такому нечаканаму тлумачэнню прычыны сваёй раптоўнай паездкі. Безумоўна, урэшце ён згодзіцца на любую пасаду і, безумоўна, накінецца на работу з прагнасцю чалавека, які доўга пакутаваў ад смагі. За час вымушанага адпачынку ў яго з’явіліся цікавыя ідэі і па меліярацыі, і па размяшчэнні культур, паляпшэнні лугоў… Было б злачынна не паспрабаваць праверыць іх на практыцы, гэтыя ідэі.
Спытаў у сына:
— Нам дазволена пагаварыць тут, на каменнях?
— У мяне ўвальніцельная да васьмі. Хадзем уніз.
— Хадзем.
Яны пайшлі па асфальтаванай дарозе, якая, робячы адмысловыя петлі вакол скал, абгінаючы цясніны, палога спускалася ўніз. Ісці па гэтай дарозе было лёгка і… прыемна. Івану Васільевічу прыемна. Ішлі хутка, плячо ў плячо і ў нагу, як салдаты. Ніколі не хадзіў так з сынам.
— Лада не ведала гэтай дарогі?
— А ты падымаўся там, па сцежцы? — Васіль свіснуў і засмяяўся. — Лада нічога не хацела ведаць, нічога не хацела бачыць. Яна закахалася ў аднаго сябра, у Сашку Павельева. Цяпер піша яму штодня, а мне — раз у месяц.
— Лада піша сюды хлопцу?
— А ты не ведаў?
Іван Васільевіч адчуў сябе ашуканым. Жыў з упэўненасцю: хто-хто, а Лада раскрывае перад ім усю душу, выказвае ўсе думкі. Адзіны сапраўдны адкрыты і шчыры чалавек. Не тое, што маўклівая Мая, далёкі Васіль, зяць, які многа балбоча, але заўсёды з выгадай для сябе. І вось — калі ласка…
«І маці — дурніца. Лада штодня бегала ў горы да Басі! Цяцера! Грэла старую спіну на пляжы і праз чорныя акуляры ўласнай дачкі не бачыла. І цяпер ні чорта не бачыць. Негр, Фелікс Будыка — усё гэта чорна-белы камуфляж. А ісціна — вось яна дзе. У гарах. Ці не той гэта весяльчак, што першы затрымаў мяне? Але ж і часу ў яе хапае штодня пісаць! На каханне заўсёды хапае часу».
На дзіва складаныя пачуцці завалодалі Іванам Васільевічам: і злосць на дачку, на жонку, і адначасова нейкая незвычайная весялосць, нават захапленне: «Ах, чортавы дзеці, бясконца вы падносіце сюрпрызы».
— Калі яна трымае гэта ў сакрэце, дык ты не выдавай мяне, калі ласка.
— Добра. Не выдам.
— Я не хачу сварыцца са сваёй дарагой сястрой. Яна хоць рэдка піша, але пісьмы яе вясёлыя і… разумныя.
— Што ён за хлопец… сябра твой?
— Сашка? Хлопец — душа. Лесавод. Па вушы ўлюбёны ў лес. У яго бацька ляснічы. І ён паступаў у лесаакадэмію ў Ленінградзе. Зрэзаўся. Забрылі.
Івана Васільевіча непрыемна кальнула гэтае «забрылі». Было б балюча даведацца, што сын глядзіць на службу як на пакаранне за універсітэцкія грахі. Пасля размовы пра Ладу, пра маці ён асцярожна спытаў:
— Ну, як табе служыцца?
— «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька. Спачатку былоцяжка. А цяпер — нішто, нават падабаецца. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе…
— Не утрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат.
— На сваім баявым месцы я думаю. Каля такіх прыбораў нельга не думаць. Я магу адкрыць табе сакрэт, таварыш палкоўнік запасу. Калі ведаеш, што дзякуючы тваёй рабоце ў штабе флоту і супрацьпаветранай абароны кожную хвіліну і кожную гадзіну ведаюць, што робіцца ў небе, куды які прадмет ляціць і з якой хуткасцю, дзе, у якім квадраце чарада авечак узняла залішне высокі слуп пылу, дык, я табе скажу, такое адчуваеш!.. І гордасць. І радасць. І ўпэўненасць, што ніякі гад не плюхне нечакана на галаву тату і маме якой-небудзь цацачкі, як у сорак першым. Няхай паспрабуе. Нам паказвалі, чым мы можам адказаць. Праўда, у мяне каля тых «пушачак» захалодала ўсяродку. Я не хацеў бы націснуць тыя кнопкі. Але людзям, якія выдумалі і нашы прыборы і ўсё іншае, я гатоў пакланіцца ў ногі. Можаш уявіць — твой сын, бяздарны матэматык, не ў прыклад сваёй геніяльнай сястры, тут палюбіў тэхніку! Праўда. Я нават думаў: а ці не зрабіць сваёй прафесіяй работу з гэтымі прыборамі?!
Сынава прызнанне ўзрадавала бацьку. Казаў Васіль, безумоўна, шчыра і сур’ёзна, хоць трохі і блазнаваў, трохі бравіраваў. Толькі апошняга бацька не зразумеў — наконт прафесіі. Спытаў.
— Наш камандзір агітуе мяне пайсці ў інжынернае вучылішча.
Такі сынаў намер павінен быў узрадаваць — вунь як змяніўся яго погляд! Але Іван Васільевіч раптам адчуў, што недзе ў душы яму не вельмі хочацца, каб сын заставаўся пажыццёва ў арміі. Хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся дадому. Упікнуў сябе. «Раскісаеш пад старасць. Пад крылом хочаш трымаць. Няхай ляціць у свет». Сказаў: