Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Што ж… нядрэнная перспектыва.

— Але каб у арміі ўсе былі, як наш камандзір. Каб не было дурняў…

Бацька весела засмяяўся.

— Чаго захацеў! Не помню, хто з вялікіх сказаў: без дурняў было б сумна.

— Гэта праўда — з імі весела. Так весела… — згадзіўся Васіль без усмешкі, з суровай панурасцю.

Іван Васільевіч глянуў сыну ў твар.

— Цябе пакрыўдзіў хто?

— Не. Ніхто. Але ёсць у нас адзін салдафон. Увесь час баюся, што сарвуся калі-небудзь… А ён — шышка…

— Я прашу цябе, Вася. Не ад сябе. Ад мамы. Я разумею: здаралася, сам даваў дурням па зубах. Але ў мяне было другое становішча. Ты — салдат.

Васіль, запаволіўшы нават крок і збіўшыся з нагі, гэтак жа пранікліва паглядзеў на бацьку, зазірнуў у вочы. Хвіліну цягнулася нямая размова, якую абодва добра разумелі. Нарэшце Васіль шырока ўсміхнуўся.

— Не бойся. Не сарвуся. Навучаны ўжо.

Дождж перастаў імжыць. Зрэдку капала. Воблакі паднімаліся вышэй. Ці можа так здавалася таму, што ўсё ніжэй і ніжэй спускаліся яны. Калі прыйшлі ў пасёлак, Васіль прапанаваў:

— Хадзем пагуляем каля мора.

Хвалі бухалі з ранейшай сілай, толькі як бы радзей, з большым размахам.

Яны выйшлі па вузкім завулку на бераг. Мора ўдарыла ў твар салёнымі пырскамі і пахам водарасцяў. Адгэтуль, зблізку, белыя грэбні валаў не здаваліся такімі пагрозліва-фантастычнымі, мора не пагражала вадзяной гарой абрушыцца на зямлю. Усё было звычайнае.

Але Антанюк убачыў, як загарэліся сынавы вочы, раздзьмуліся ноздры, як ён схіліўся над абрывам: вось-вось кінецца на самую высокую хвалю. Марская стыхія прываражыла сухапутнага марака.

— Мора з’ела пляж, — сказаў Васіль з захапленнем перад магутнасцю стыхіі і як бы з радасцю засмяяўся. — Не будзе дзе «дзікунам» вылежвацца. Колькі іх тут наязджае ўлетку! Гультаі!

— Ты сурова асуджаеш людзей, якія выкарыстоўваюць сваё права на адпачынак. Хіба твая маці, Лада гультаі?

Васіль трохі збянтэжыўся.

— Некаторыя тут усё лета сядзяць.

— Ты ўсё ведаеш…

— Саўгас — нашы шэфы. А дармаеды гэтыя жывуць у саўгасцаў. Праўда, тутэйшыя таксама навучыліся абіраць іх.

— А заадно і тых, хто прыехаў адпачыць на сумленна запрацаваную капейку.

— Вядома ж, не разбіраюцца, з каго злупіць больш, з каго менш. Лаві момант!

Такія сынавы разважанні не падабаліся: адных ён асуджае агулам, другіх гэтак жа агульна апраўдвае, упэўнены, што ён — за людзей працоўных, якім можна дараваць такі невялікі грэх — абіранне курортнікаў. Відаць, добрыя шэфы гэтыя саўгаснікі, калі так уплываюць. Спрачацца цяжка, не ведаючы гэтых людзей, іх псіхалогіі. Ён, Антанюк, ніколі не жыў у такім курортным месцы. Сын, між іншым, сказаў пра гэта, нібы прачытаў думкі:

— Дарэмна ты, бацька, не ездзіў да мора. У цябе былі такія магчымасці.

— Я не люблю курортаў.

— Можна палюбіць мора.

— Я люблю поле і лес. Ты палюбіў мора?

— Палюбіў. Гэта здорава, я табе скажу. Нават у такую пагоду — цуда. Няўжо не разумееш? А ўлетку, калі сонца!.. Нам з гары відаць яно на дзесяткі міль. Іскрыцца ўсё. І бясконца мяняе фарбы. Якіх не бывае адценняў! Калі сонца ўсходзіць, калі заходзіць. Апоўдні. Стаіш на варце — глядзіш і не можаш налюбавацца. А каб ты з аквалангам спусціўся пад ваду. Казка! — ад захаплення ён гаварыў абрывіста, зусім як школьнік.

— Ты аквалангіст?

— Але. Разраднік.

— Гэта не рызыкоўна?

— Ты пражыў без рызыкі?

Іван Васільевіч зноў засмяяўся.

— Ты парыруеш, як добры фехтавальшчык. Я рызыкнуў апошні раз у пяцьдзесят пяць… Праўда, ведаў, што цяпер гэта не смяртэльна.

— Ты быў такі і тады, калі было смяртэльна?

— На вайне — заўсёды. У той мірны час — не заўсёды. Але не таму, што не хапала мужнасці. Некалі ты асудзіў мяне…

— Цяпер я не асуджаю. Нельга кінуцца ў мора з гары. Мне, напрыклад, хочацца набіць морду таму салдафону. Але што я дакажу? Мяне засудзяць… Цяпер я разумею цябе.

Івана Васільевіча расчулілі сынавы словы, але і насцярожылі: а ці не замнога сталай развагі і… пакорлівасці? Каму трэба, каб з хлопца вырас пакорлівы выканаўца чужых каманд? Безумоўна, армія ёсць армія. Але і армія мацнейшая тады, калі ў ёй не робаты, а людзі, валявыя, разумныя, вольныя, якія ўмеюць выдатна выконваць разумныя загады, але і ўмеюць сур’ёзна думаць не толькі аб тым, што ў іх кацялку і ранцы, але і аб самых высокіх матэрыях, аб самых шырокіх праблемах — ад тэхнікі падводнага плавання да касмічных палётаў, ад цэн на курортным рынку да раяніравання пасеваў кукурузы, ад схемы лакатара да падзей ва В’етнаме.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: