Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Грамадзянін! Я нясу службу!
— Я паважаю вашу службу! Але, між іншым, хачу сказаць: пасля таго, як вы пазнаёміліся з маім дакументам і ведаеце мэту майго прыезду, я мог бы перастаць быць для вас грамадзянінам. Каб вам было лягчэй, магу засведчыць другім дакументам, што маю званне палкоўніка. Вось так, таварыш лейтэнант! Ёсць цудоўнае слова — таварыш, якое збліжае, родніць людзей…
Лейтэнант разгубіўся, ён зусім не быў сухаром і педантам, але ён сапраўды нёс службу; ад гэтага і ад маладосці яго вынікала ўся звышсур’ёзнасць.
— Калі вы… таварыш, палкоўнік, то ведаеце, што ёсць месцы, дзе забаронена… А калі вам трэба ўбачыць сына, то таксама павінны ведаць…
— Чатыры месяцы назад тут адпачывалі мая дачка і жонка. Дачка хадзіла па гэтай сцежцы, каб сустрэцца з братам. Тут гулялі тысячы людзей.
Усе трое таямніча ўхмыльнуліся: маўляў, хоць ты і палкоўнік, але наіўны і не ўяўляеш, што за чатыры месяцы шмат што магло змяніцца.
Убачыўшы іх ухмылкі, Іван Васільевіч сам адчуў сябе наіўным дзіваком, не старым чалавекам, які пражыў жыццё, а хлапчуком, якога двое сутак вялі не развага, не розум, а эмоцыі, неасэнсаванае жаданне.
— Што ж мне — спускацца назад?
— Ідзіце за мной, — сказаў лейтэнант, схаваўшы пашпарт у кішэню кіцеля.
Іншай сустрэчы Іван Васільевіч і не чакаў, шукаючы сына гэткім чынам, а таму стараўся настроіць сябе на гумарыстычны лад: чым больш прыгод — тым цікавей. Але тое, што пануры лейтэнант, які ні разу не ўсміхнуўся, не вярнуў пашпарт, вядзе за сабой, а ззаду гэтак жа маўкліва ідзе аўтаматчык, — не магло не закрануць. Падумалася, што ніколі і нідзе за ўсё жыццё яго гэтак не вялі і ён так паслухмяна не ішоў па чужой камандзе.
Хацеў падумаць з гумарам, але абагульненне было занадта сур’ёзнае, каб з яго смяяцца. Як бы ён паводзіў сябе, каб вялі не свае, а ворагі? Дзіўна, партызанам ніколі не прыходзіла ў галаву падрыхтавацца — як уцячы, калі цябе схапілі і вядуць двое ці трое. Выпрацоўвалі мноства ўсялякіх тактычных прыёмаў дзейнасці атрада, брыгады, падрыўнікоў, разведчыкаў, тактыку штаба і нават яго, камандзіра, у розных сітуацыях, на любы выпадак, а вось пра такое не думалі. Праўда, у атрадзе Будыка вучыў разведчыкаў прыёмам японскай барацьбы. Ды ён, Антанюк, глядзеў на гэта скептычна, ён прызнаваў адзіны дзейсны прыём нападу і абароны — кулю і гранату.
Такі ўспамін і развага прыглушылі нядобрае пачуццё, якое варушылася пад гумарыстычным стаўленнем да ўсяе сітуацыі з яго затрыманнем.
Прывялі да варот з прахадной будкай. Пагаварыўшы па тэлефоне, лейтэнант вярнуўся і, трохі збянтэжаны, аддаў пашпарт. Сказаў:
— Чакайце.
Каго чакаць, чаго — не растлумачыў. Не развітаўся. Пайшоў і аўтаматчык. Быццам цяпер нікому не было ніякай справы да затрыманага, на яго ўсе адразу забыліся. Толькі ў акенца прахадной выглядваў дзяжурны, але не выходзіў. І тады Івана Васільевіча апанавала абурэнне. Цяпер ужо было не да жартачкаў, не да гумару.
«Хаця б прабачэння папрасіў, чортаў сын, — падумаў ён пра лейтэнанта. — Ніякага такту! Во моладзь пайшла. Адна на пошце тырчала, другі — слова чалавечага не сказаў…»
Адчуў, што ногі гудуць, млеюць у каленях, як некалі пасля самага цяжкага палявання, і сеў на мокры камень.
Магчыма, што, стомлены, ён задрамаў на гэтым камені, бо не бачыў і не чуў, як у дзяжурку прыйшоў сын. Ці яны тут з’яўляюцца з-пад зямлі? Пачуў сынаў голас і смех, калі той выходзіў з дзяжуркі сюды, у свет цывільны.
Васіль убачыў маленькую, захутаную ў плашч постаць бацькі на камені і… не ўстрывожыўся, падышоў з усмешкай, быццам чакаў яго прыезду ці бачыў толькі ўчора.
Іван Васільевіч падняўся насустрач.
— Ты прыехаў у санаторый?
— Не.
— Не? А куды?
— Прыехаў да цябе.
— Да мяне? — хлопец здзівіўся.
Івана Васільевіча гэта пакрыўдзіла: не верыць, што бацькоўскія пачуцці маглі паклікаць у далёкую дарогу.
— Можа павітаемся? — Хацелася абняць сына. Але Васіль засмяяўся і па-мужчынску проста працягнуў руку.
— Здарова, бацька.
— Здароў, Вася.
Рука ў хлопца мазолістая, працавітая, сціснуў ён бацькаву так, што Іван Васільевіч, сам чалавек дуЖЫ, Н6 беларучка, парадаваўся яго сіле. Глядзеў на сына знізу ўгору: Васіль на галаву вышэйшы.
З-пад каўняра бушлата свяціўся гюйс фланелькі, як кавалачак сіняга мора, і хораша, прыгожа адцяняў загарэлы твар і шыю. Добра адпрасаваныя штаны, не шырокія, не флоцкі клёш, як раней, нармальныя, чаравікі, начышчаныя да бляску, таксама надавалі хлопцу святочны, элегантны выгляд; толькі бушлат штодзённы, рабочы, але спражка на папрузе гарыць. Іван Васільевіч залюбаваўся сынам, не выпускаючы руку.