Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Лічы, што мы захапілі галоўны аб’ект — пошту і тэлеграф.
Васіль не адразу зразумеў жарт — ведаў, што бацька можа моцна і падкалоць часам, гэтак знянацку. Калі ж дапяў да простага сэнсу жарту, то весела зарагатаў.
— Значыцца, улада — у нашых руках.
— Не зусім. Але гэта — палова поспеху. У любым сур’ёзным наступленні. Хоць што я прымазваюся да тваёй славы! Ты гэта зрабіў без маёй дапамогі. Даўно? Яна падабаецца табе?
— Мы дружым…
— Так адказваюць у шаснаццаць. А табе — дваццаць тры. І ты не з сарамлівых, я ведаю…
— Я твой сын.
«Здзекуецца, чорт».
— Дарэмна ты так думаеш. Для мяне ў маладосці пазнаёміцца з дзяўчынай было пакутай. І подзвігам.
Сын скептычна прыжмурыўся.
— І многа ў цябе было такіх подзвігаў?
— Не блазнуй. Я сур’ёзна.
— Не бойся, жаніцца я не думаю.
— Вось гэтага я не баюся. Не скажу, што з першага знаёмства мне спадабалася твая Валя. Але я ўсё ж прашу цябе ніколі не забываць, што яе захапленне, яе пачуцці могуць быць больш глыбокія і сур’ёзныя, чым твае. О, ты не ведаеш, як можа прывязацца жанчына!
— Ты гэта ведаеш?
Іван Васільевіч нахмурыўся.
— Нават у наш звышдэмакратычны час гаварыць так з бацькам… Што за манера? Гэта не робіць табе гонару і не красіць твой мундзір.
Сын падумаў і сур’ёзна сказаў:
— Не крыўдуй. Прабач. Я нічога кепскага не падумаў. Проста мы прывыклі так… Стыль часу…
Антанюк добра ведаў і разумеў жанчын-сялянак — матак дарослых дачок, іх старасвецкі клопат: каб, крый божа, не стала доня векавухай. Можна дараваць ім любыя хітрасці, любыя захады. Але гэтая маці, Валіна, відаць, раней не вельмі ўхваляла доччына захапленне марачком — ненадзейны жаніх. І раптам — прыезд бацькі. Гэта перайначвала матчына ўяўленне, пераконвала, што бацька прыехаў па запрашэнні сына — на выгляды. У такім выпадку варта пастарацца, не паскупіцца ні на добрыя словы, ні на добры пачастунак.
Іван Васільевіч адчуваў сябе ў недарэчным становішчы. І смешна і ніякавата. Злаваў на Васіля, што той так бяздумна ўладзіў яго, на сябе, што, маючы вопыт, не падумаў пра магчымасць такой сітуацыі. І тут жа пачынаў іграць свата, каб дагадзіць наіўнай жанчыне. А яна рабіла ўсё з пераборам. Нават Валя адчула гэта і засаромелася — знікла з дому.
Натуральнасць прынёс гаспадар дома.
Спытаў на кухні:
— Што ты смажыш сёння, як на вяселле?
Жонка зашыкала на яго, зашаптала.
Ён вылаяўся на поўны голас.
— Толькі жаніхі ў вас у галаве.
Антанюку стала весела.
Павітаўся гаспадар хмура, рукі першым не працягнуў. Але Івану Васільевічу чамусьці адразу захацелася добра пазнаёміцца з гэтым чалавекам. Ён паціснуў яго вялікую, шурпатую, як кара старога дуба, руку, назваў сваё імя:
— Іван Васільевіч.
— Іван Трахімавіч. Цёзкі, значыцца? — пацяплелі вочы стомленага пасля працы чалавека. — Адкуль?
— З Мінска.
— Лічы, што землякі. Мы — смаленскія. Уцяклі ў сорак сёмым са свайго гарамычнага калгаса шчасця шукаць.
— Знайшлі?
— Шчасце? Знайшоў. А што вы думаеце? Што чалавеку трэба яшчэ, акрамя таго, што я маю? Можа ў вас яно другое, другія патрэбы. А мне цяпер хіба аднаго не хапае — рабочых рук на вінаградніку. Ды ўгнаенняў.
Антанюк адразу адчуў сімпатыю да чалавека, для якога шчасце — у рабоце на вінаградніку.
— Я вас разумею. Я таксама ад зямлі не адрываўся, дзе б ні рабіў. Я — аграном.
Сказаў і са смуткам падумаў: «І ўсё ж мяне адарвалі.— Аднак заспакоіў сябе і пагразіў сваім нядобразычліўцам: — Нічога. Вярнуся. У саўгас пайду. На Балотную станцыю».
З гаспадаром сышліся адразу, проста, натуральна, як гэта бывае паміж людзьмі, улюбёнымі ў адну справу. Яшчэ да вячэры Іван Васільевіч з цікавасцю слухаў расказ, як чалавек навучыўся вырошчваць новую культуру і, відаць па ўсім, палюбіў яе, палюбіў працу на вінаградніку. А раней толькі чуў пра гэтую «салодкую ягаду», да арміі нават пакаштаваць не давялося. Толькі ў Румыніі ды Венгрыі ў сорак чацвёртым зразумеў, што «гэта за фрукт такі» і якая ад яго карысць. Раней думаў: так, забаўка, як парэчка ў гародзе, — утыркнуў куст, няхай каля плота расце на пацеху дзецям.
Вярнуўся з арміі інвалідам, шчыра памагаў падняць свой смаленскі калгас. Можа і не пакінуў бы дзедаўскай сядзібы, каб больш парадку ў калгасе было, каб хоць што-небудзь атрымлівалі — а не адны палачкі ў табелях. Каб было чым дзяцей гадаваць. Прапанавалі на перасяленне сюды, у Крым, — кінуў усё, паехаў, хоць жонка тыдзень галасіла. І тут нялёгка было. Можа і тут не ўтрымаўся б, некаторыя рушылі назад. Але вельмі ўжо захапіла «гэтая ягада». Проста прывязала сваімі лозамі. З сотак пачыналі на старых татарскіх вінаградніках. А цяпер — сотні гектараў. Буйнейшы саўгас.