Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
«Будзьце ім за бацьку, Іван Васільевіч. Вам давяраю…»
Я мог бы ганарыцца: вышэй на свеце даверу няма — калі маці аддае табе сваіх дзяцей. Але ж яна, безумоўна, спадзяецца, што я зберагу іх і вярну ўзмужнелымі героямі. Ды ці разумее жанчына, што ні ёй, ні сабе, нікому не магу сказаць: так, я зберагу іх, тваіх дзяцей, не бядуй, не хвалюйся…
У атрадзе былі ўжо дзеці. І я адказваў за іх… А гэта — паверце — самая цяжкая адказнасць. Шчыра скажу, мне зусім не хацелася пабольшваць гэтую сваю адказнасць за дзяцей. Хоць я падумаў, што мы, партызаны, як і салдаты, афіцэры на фронце, у адказе за ўсіх дзяцей. Ці будзе мне лягчэй, калі гэтыя юнакі, якія рвуцца ў бой, загінуць недарэчна, нічога не паспеўшы зрабіць? Прайшло столькі гадоў, а я дагэтуль помню, што адчуў, перажыў за тыя хвіліны, пакуль жанчына, не зводзячы вачэй, чакала адказу. Помню, як доўга я маўчаў. Даўжэй, чым гэта можна ў размове з чалавекам з вока на вока. Але была ноч, на падлозе спалі партызаны. Мы размаўлялі шэптам, як змоўшчыкі ці закаханыя. А таму маўчаць можна было даўжэй, чым у звычайнай размове. Да таго ж, быў я стомлены і прастуджаны, не выспаўся, галава гудзела, як чыгун. Перад вачамі стаялі яе хлопцы, якіх бачыў год назад — памагалі маці палоць лён, той, які стапталі танкі. Нешта выбралі бабы — хто паспеў.
Марына разумела, што мне нялёгка рашыць. Яна не прыспешвала, не прасіла больш. Сядзела, узлакоціўшыся на стол, і глядзела ў вочы… На пасмах валасоў яе, па брывах блішчэлі расінкі адталага снегу. Можа здалося ёй, што я хачу адмовіцца ад яе хлопцаў. Цяжка ўздыхнула і сказала:
«Усё роўна не ўтрымаць мне іх. Пойдуць вас шукаць. А дзе знойдуць? Да каго трапяць?»
«Ну што ж, Марына, давай тваіх сыноў. Адно абяцаю: зрабіць іх добрымі партызанамі».
Яна не ўзрадавалася. Якая там радасць! Не падзякавала. А неяк адразу ссутулілася, нацягнула хустку на лоб і ад гэтага пастарэла. Маўчала. Можа не так доўга, як я, перад тым як даць згоду. Але помню — нейкі час маўчала, як бы не ведаючы, што сказаць яшчэ. Паднімаючыся, сказала проста: «Дык пачакайце тут. Прышлю іх».
О не, жанчына, так не робіцца! А калі хто з нядобрых людзей бачыў нас? Данясе ўладам? І ў тую ж ноч сышлі з дому твае сыны. Цяпер мы ў адказе за тваіх сыноў і за цябе. Я сказаў ёй пра гэта. Параіў: няхай яна пусціць чутку, што пасылае хлопцаў да якога-небудзь сваяка ў далёкім сяле ці ў горадзе. Ёсць хто-небудзь такі? Ёсць. У Гомелі. І мужава сястра жыве пад Рагачовам. А праз тыдзень-два мы прышлём сувязнога, які прывядзе хлопцаў у атрад.
Падзякавала. Але — адчуў я — не паверыла. Падумала: гэтак хітра хачу адчапіцца ад яе. Можа не вельмі засмуцілася. Можа жыла яшчэ ў мацярынскім сэрцы надзея ўгаварыць сыноў застацца дома. Даволі, што бацька ваюе.
Сувязной, якую мы паслалі ў Казюры да Марыны, я даў наказ: пастарацца ўгаварыць малодшага застацца з маці. Няхай падрасце. Сувязная — старшыня сельсавета, жанчына вопытная, сама вырасціла дзяцей — бадзёра запэўніла:
«Можаш не турбавацца, камандзір. У мяне ўсё будзе чын-чынам».
Але нічога ў яе не атрымалася. У атрад прыйшлі двое — Валодзя і Пеця.
«Чарцянё, а не дзіцянё, — сказала Рошчыха пра малодшага, пра Пецю. — Яму хоць кол на галаве чашы».
Старэйшы, Валодзя, быў хлопец рослы, але ціхі, па-даросламу паважлівы і па-даросламу разумна асцярожны, хоць і смелы. Брат яго, Пеця, з выгляду зусім дзіця, больш дванаццаці гадоў яму ніхто не даваў. І па характары — вяртун, непаседа, свавольны насмешнік, нястрымны і нястомны на выдумкі і па-дзіцячаму неразважліва рызыкоўны — лез пад кожную кулю. Адным словам, клопату ён нам рабіў нямала. Камісар, начштаба, партызаны не раз патрабавалі: адаслаць яго назад да маці. Але я ведаў: нельга, хлопец пачне ваяваць адзін і… загіне. Ды і камандзіры адтавалі, даравалі яму ўсё, калі Пеця вяртаўся з разведкі. Лепшага разведчыка мы, бадай, не мелі. Па росту — дзіця, хлапчанё гаротнае, жабрачок бяздомны, а па хітрасці — прафесійны агент разведкі.
Пеця падаў заяву ў камсамол. Яго не прынялі, дамовіліся даць адчуць, што дысцыпліна ёсць дысцыпліна. Ён заплакаў ад крыўды, кляўся перад усімі, што больш ніколі не будзе выкідваць ніякіх «каленцаў», і ў той жа вечар камандзіру ўзвода, які першы выступіў супраць яго, укінуў у кацялок з супам жабу. Калі, як — ніхто не бачыў, ніхто не мог даказаць. Камузвода сам наліваў сабе суп. Яму трохі не вывернула ўсё нутро, тры дні есці нічога не мог. Камандзіры абураліся: Пецева работа.
Паклікаў Пецю.
«Зноў ты за свае штукі!»
«Ды што вы, таварыш камандзір, я першы павячэраў і ўжо мыў кацялок, калі яны прыйшлі, камузвода і ўрач».
«Так ты дагаворышся, што гэта зрабіў урач».
Вочы адразу закруціліся, як калёсікі.
«А што? Урач нам расказваў, што ў нейкага народу — забыўся ў якога — жаба — самая смачная ежа. Лепш за курыцу. Яны смажаць жаб і лапкі абсмоктваюць», — прыцмокнуў і слінку каўтнуў, здавалася, гатовы сам тут жа абсмактаць жабіныя лапкі. Начштаба наш, Будыка, чалавек гідлівы, пагнаў хлопца з зямлянкі: «Пайшоў прэч! І не паказвайся мне на вочы!»
Пеця разумеў, што жабу яму не даруюць, хоць віна і не даказана. На другі дзень ён папрасіўся ў разведку — «пажабраваць» у гарадку: славакаў, з якімі нашы хлопцы пачыналі наладжваць сувязь, нечакана змяніла нямецкая ахоўная каманда. Колькі іх, як узброены — нам належала ведаць. Я згадзіўся адпусціць Пецю.
Начштаба бурчаў:
«Выгароджваеш ты гэтага прайдзісвета. Разведаць ён разведае, а пасля зноў будзе іграць на нервах, кідаць у кацялкі брыдоту. Дарослага партызана я судзіў бы за такія штукі».
«Засушыш жыццё. Зачарсцвеем без жартаў, інжынер».
Хадзіў Пеця ў разведку кожны раз у новай ролі. Акцёр быў. Талент! Нават жабракі яго не падобныя былі адзін на аднаго. Той раз ён з’явіўся, каб перад адыходам паказацца, у ролі маленькага паралітыка. У лахманах. Адна рука вісіць нежывая. Нагу цягне. Гаворыць злосна, а што — разабраць нельга.
Нават начштаба, настроены супраць хлопца, уразіўся. Пеця наступаў на яго, тузаўся ўсім целам, страшна махаў «нежывой» рукой і злосна лапатаў. Будыка адступіў, як бы баючыся, што «паралітык» дакранецца да яго, перадасць сваю хваробу. Начштаба збялеў. Сказаў мне: