Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Яны ішлі міма белых домікаў, у якіх улетку жылі мастакі, міма алеі кіпарысаў.

Іван Васільевіч гаспадарлівым вокам азіраў пабудовы, дарожкі, тунэлі з вінаградных лоз, што некалі давалі прываблівы цень, а цяпер віселі на жалезных апорах, як падраная сетка, няўмела сплеценая, мокрая. Спытаў у сына:

— Ведаеш назвы тутэйшых садовых дрэў?

— Не.

— Дарэмна.

— Не ўсім жа быць аграномамі.

— Назвы дрэў павінен ведаць кожны культурны чалавек. Як бы ты сябе адчуваў, каб не ўмеў адрозніць дуба ад клёна?

— Прыраўняў!

Васіля не цікавіў сад, ён глядзеў на мора, жыў ім, ішоў каля самага абрыву, мабыць, знарок, каб пырскі білі ў твар. Аблізнуў мокрую далоню.

Магчыма, што сын знарок прывёў да гэтага абеліска. Шэрая нізкая пірамідка, пазелянелая медная дошчачка, надпіс на якой скупа і празаічна паведамляў, што тут пахавана пятнаццаць маракоў-дэсантнікаў, якія загінулі 31 снежня 1941 года ў час высадкі на бераг.

Васіль спыніўся каля абеліска з такім выглядам, нібы гэта галоўная і канчатковая мэта іх паходу.

Зноў пачаў сеяць дождж, і дробныя кропелькі яго здаваліся салёнымі, быццам марскія пырскі ўзляталі высока ў неба і сеяліся адтуль.

Карпусы пансіяната адгэтуль, з берага, не выглядалі так панура, як з шашы, яны глядзелі на мора мноствам акон. Але ні на балконах, ні на дарожках, нідзе ніводнай жывой душы, нібы месца гэтае даўно і назаўсёды пакінута людзьмі. Ад такой пустэчы мацней, чым дзе ў іншым месцы, агортвала пачуццё жалобы перад гэтым простым помнікам мужнасці, якіх тысячы на прасторы ад Волгі да Эльбы, ад Кубані да Дуная.

— Бацька, скажы ты мне, навошта загінулі гэтыя хлопцы?

Іван Васільевіч не зразумеў, здзівіўся і ўстрывожыўся: чаму раптам такое пытанне?

— Як навошта? На вайне загінулі мільёны.

— Дваццаць мільёнаў. Гэта я ведаю. Але навошта быў гэты дэсант?

— Я не ведаю, з якой канкрэтна мэтай і задачай высаджваліся тут. Разведка, захоп плацдарма, сувязь з партызанамі?.. Задачы былі розныя. Але нельга ставіць пытанне так, як ты: навошта загінулі, навошта дэсант? Ты — салдат, а не хлопчык-шкаляр. Так можна задаць тысячу навошта і чаму! А навошта я стварыў партызанскі атрад, брыгаду? Навошта да нас у тыл прыходзілі і прыляталі спецгрупы, радысты, агітатары, нават пісьменнікі, акцёры? І многія гінулі. Часам і недарэчна, выпадкова. Вайна ёсць вайна.

— Ты не зразумеў мяне. Я хачу спытаць: навошта ўвогуле спатрэбілася гэтая масавая высадка ў Крыму ў апошні дзень сорак першага года? Заперці на голы паўвостраў некалькі дывізій, чатыры арміі…

— Дарагі мой сын, ваявалі людзі. Розныя. І тыя, хто планаваў аперацыі ў іх стратэгічным маштабе, таксама былі розныя. Выдатныя, пасрэдныя, бяздарныя. Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Супраць яго праціўнік, і таксама недурны. Ён разлічвае свае хады. Гэта як у шахматнай гульні. Ні адзін вялікі шахматыст не можа загадзя ведаць, які контрход зробіць праціўнік. Так і на вайне. Часам з аперацыі, на якую ўсе ўскладвалі надзеі, да якой добра рыхтаваліся, атрымліваўся, мякка кажучы, пшык, пусты феерверк, а то і яшчэ горш — яна вылазіла бокам. Было гэта і ў нас, у партызан. Было і на фронце. Я не гісторык. А тым больш — ніколі не займаўся Крымскай аперацыяй. Калі цябе зацікавіла яна, ты мог бы за два гады службы тут высветліць усё пра дэсант. Цяпер гэта не з’яўляецца тайнай. А ты ж хацеў стаць гісторыкам…

— Я спрабаваў. На мяне чуць не павесілі сабаку. Як ва універсітэце.

Іван Васільевіч сцяўся: сын ударыў па ім. Пра універсітэт ён сказаў проста, без крыўды, шкадавання, але так, што стала зразумела: ніколі не згодзіцца, што тыя, хто пакараў яго, зрабілі справядліва, у тым ліку і ён, бацька. Але ў людзей сталых, у бацькоў, свая логіка, якая ў спрэчках з моладдзю часта прыводзіць зусім не да тых поглядаў, якіх яны трымаюцца ва ўласнай жыццёвай практыцы.

Іван Васільевіч адказаў:

— Таму што ты няправільна ставіш пытанні. Табе абавязкова хочацца знайсці вінаватага за тое, што не ўдалося.

Сын хмыкнуў.

— Дзіўная ў цябе філасофія, бацька. Па-твойму выходзіць — няма вінаватых? Ні за што? Ні за тыя перадваенныя гады? Ні за сорак першы? Ні за гэты дэсант? Ні за тое, што часам дурні…

— Чакай. Не валі ў адну кучу тое, што не параўноўваецца. А чаму ты не шукаеш «вінаватых» за акружэнне Паўлюса, за Корсунь-Шаўчэнкаўскі, за Арлоўска-Курскую бітву… Там загінула не менш, але там зламалі зверу хрыбет. За штурм Берліна… Знайдзі, хто камандаваў там. І можа здарыцца, што гэта адны і тыя ж людзі. Пакладзі на шалі іх памылкі і іх поспехі, славу, гераізм… Што пераважыць? Заўсёды май на ўвазе: лёс народу, краіны, ленінскіх ідэй вызначыла не трагедыя сорак першага, а перамога сорак пятага.

— Але яна магла быць здабыта меншай крывёю.

— Сын мой, з такой адлегласці і вышыні ўсе мы разумныя і прадбачлівыя. А ўвосень сорак першага ў гомельскіх лясах у мяне — а я чалавек не слабы, ты ведаеш, — былі моманты, калі хацелася памерці, і я лез пад шалёныя кулі.

Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Калі бацька стаў побач, спытаў:

— Няўжо дагэтуль нельга было ўстанавіць прозвішчы гэтых пятнаццаці і напісаць іх?

Тут ужо Іван Васільевіч не проста не згадзіўся — абурыўся:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: