Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Антанюк разумеў іх. Ва ўсякім разе, пасля размовы з сынам здавалася, што ён разумее гэтых хлопцаў значна лепш, чым іх універсітэцкіх равеснікаў — Надзіных сяброў. І павагі да матросаў адчуваў больш. Любові. Бацькоўскай. Падумаў, што гэта не зусім справядліва да тых, хто бяссоннымі начамі грызе квантавыя тэорыі — як Лада. Супакоіў сябе, што сэрцу не загадаеш, каго любіць больш, каго — менш. Нарэшце, усё мяняецца ў залежнасці ад часу, абставін, настрою. Можа здарыцца, праз тыдзень ці месяц такое ж замілаванне — відаць, старэчае ўжо пачуццё — з’явіцца да некага іншага. Да Лады — напэўна. Лада — пастаянная часціна яго любові.
Ва ўсякім разе адчуванне таго, што ён здагадваецца, пра што думаюць гэтыя хлопцы, памагло яму, кажучы мовай лектараў, «наладзіць кантакт з аўдыторыяй».
У вачах іх адбівалася рознае, пакуль ён расказваў пра партызанскую вайну ў яе агульных рысах. Значыцца, нікому з іх не абыякава, што рабілася тады. Калі ж пачаў пра гэты канкрэтны эпізод, ва ўсіх вачах загарэлася адно. Нават акуляры пачалі пускаць зайчыкі-маланкі зусім па-іншаму. Усе… акрамя. Акрамя сына. У Васіля ўсё яшчэ таілася — не ў вачах — у складках вуснаў іранічная ўхмылка. Вельмі знаёмая ўхмылачка — яго, Антанюкова; ён вось такой усмешачкай «выбіваў з сядла» многіх.
Не так даўно адзін высокі госць Белавежы, цяпер такі ж пенсіянер, як і ён, Антанюк, пасля палявання, у часе абеду, нечакана раскрычаўся: «Мне вельмі не падабаецца ваша ўсмешка! — і паказаў пальцам: — Ваша! Ваша!! Хто вы такі?» — хоць добра ведаў, хто ён такі,— разам палявалі. З таго дня пачалася падрыхтоўка да ўрачыстых провадаў яго, Антанюка, на пенсію. А можа провады таго, госця, рыхтаваліся яшчэ раней?..
Іван Васільевіч з любоўю, без злосці, прасіў у думках сына:
«Не трэба, Вася… Не трэба іроніі. Учора на беразе, каля абеліска, ты быў зусім іншы. Але, я напрасіўся на выступленне. Напрасіўся, упэўнены, што гэта патрэбна табе і тваім сябрам. Ты сам падказаў мне гэта ў размове каля помніка».
Васілёва іронія, усмешачка тая, у міг знікла, калі ён, Антанюк, сказаў пра Віту. Сын застыў, напружыўся, выцягнуў наперад галаву, як бы жадаючы наблізіцца, каб не прапусціць не тое што ніводнага слова, але ніводнага бацькавага руху. Гэта амаль спалохала Івана Васільевіча. «Што ён ведае? Нічога ён не ведае. Ці можа да яго дайшла няпраўда? Калі яны з Ладай былі малыя, у маці зрэдку вырывалася жаночая крыўда».
Такая нечаканая сынава цікаўнасць трохі збіла з панталыку.
— Многа людзей на абарону лагера паслаць мы не маглі. Па-першае, нельга абяссільваць атрад. А раптам нам усё-такі прыйдзецца весці бой, прарывацца з акружэння? Трэба сіла. Па-другое, не кожны партызан з ходу, уначы, упэўнена і без рызыкі мог пераплыць Дняпро. Не хапала яшчэ патапіць людзей. У спешцы такіх смельчакоў набралася чалавек дзесяць. Казюры, Валодзя і Пеця, былі пры мне. І я сам паслаў іх. Можа мне здалося, што яны будуць у большай бяспецы, чым тут, з намі. Вельмі можа здарыцца, што нам прыйдзецца прарывацца з баямі, і Пеця палезе пад кулі, як ужо лез не аднойчы. Там жа яшчэ невядома — будзе напад на лагер ці не. Можа трывога мая дарэмная. Калі і будзе, групе не ставілася задача абараняць лагер. Перш за ўсё: вывесці з-пад удару раненых, жанчын. Паспрабаваць, безумоўна, затрымаць карнікаў да прыходу атрада. Калі ж будзе відаць, што гэта немагчыма, — узарваць склад, майстэрню, спаліць зямлянкі. Камандзірам групы я пасылаў чалавека разважлівага, асцярожнага — былога вайскоўца, інжынера Будыку. Праўда, ён баяўся вады. Але яго заспакоілі: маўляў, нічога, таварыш начштаба, з намі не патонеце, калі вы не калун і хоць трохі ўмееце боўтацца — падтрымаем.
Не сказаць, што група затрымалася ў дарозе. Пасля мы высвятлялі ўсе акалічнасці. Аднаго плынь ракі аднесла далей, другі выбраўся бліжэй — хто як плаваў. Людзям прыйшлося пэўны час збірацца ў лазняках, у тумане. Пра сігналы не дамовіліся; тут і мая віна — не падказаў, не прадбачыў. Гукаць баяліся: хто ведае, дзе вораг? Свісталі па-птушынаму. Траіх не знайшлі: аднаго немаладога партызана і братоў Казюраў.
Будыка палічыў, што яны патанулі або, спалохаўшыся, павярнулі назад.
Дагэтуль невядома, якім чынам Валодзя і Пеця апынуліся ў лагеры гадзіны на дзве раней за групу. Можна толькі здагадвацца: ці то беглі ўвесь час, голыя, босыя, каб сагрэцца, ці — што больш верагодна — напаткалі ў лузе коней. На балоце хлопцы ўгледзелі, як немцы і паліцаі прабіраюцца да лагера. Абышлі карнікаў, узнялі трывогу. Вельмі своечасова. Перадалі загад: раненым, жанчынам адыходзіць цераз балота ў Руднеўскі лес. А самі разам з хлопцамі з лагернай аховы сустрэлі карнікаў на ўзлессі, на нашых «мінных палях». Бой быў няроўны: ворагаў сотні паўтары, хлопцаў — жменька! Яны амаль усе загінулі да прыходу групы Будыкі, якая налётам з тылу адцягнула карнікаў, прымусіла адступіць з лесу. Спалохаліся, гады, што вярнуўся атрад. Мы знайшлі толькі двух нашых раненых — тыя схаваліся ў кустах. Трупа ніводнага. Забітых фашысты забралі з сабой. Доказ удалай аперацыі.
Мы правялі жалобны мітынг — сімвалічна пахавалі сваіх сяброў, над целамі якіх недзе здзекаваўся вораг. О, з якім болем, з якой пакутай хаваў я Валодзю і Пецю! Што сказаць маці?
А дні праз два сувязныя паведамілі: браты Казюры ў палоне. Думаеце, стала лягчэй? Але з’явілася надзея: можа ўдасца выратаваць хлопцаў? Іх трымалі ў турме, у горадзе. Тут жа сувязны пайшоў да падпольшчыкаў: што можна зрабіць? Праз нашага чалавека ў паліцыі даведаліся, як браты трапілі ў палон. Калі з групы аховы ўжо нікога не асталося, Пеця, малы Пеця, выносіў свайго цяжка параненага брата. Хацеў адцягнуць у балота, схаваць у лазняках. Там іх дагналі. Схапілі. Хутка падпольшчыкі перадалі, што Валодзя памёр ад ран. Застаўся адзін Пеця.
Мы ведалі — яго катуюць, дапытваюцца: колькі нас, якая зброя? Дзе запасны лагер? Дзе схавалі збожжа?
Кажуць: час лечыць усе раны, забываюцца болі фізічныя, пакуты душэўныя. Не, я не забыў. Нічога. Тых бяссонных начэй, болю ад думак, што там, у горадзе, у турэмных мурах, б’юць, паляць агнём хлопчыка, дзіця. Ён быў не толькі баец атрада, ён — мой сын. Мяне прасіла маці. Што скажу ёй? Навошта я паслаў яе сыноў? Але не хто іншы, а яны, браты Казюры, ратавалі іншых людзей — жанчын, раненых… Пакуль бы да лагера дабралася ўся група! А яны — што тыя казачныя героі. Нібы на крыллях даляцелі.
Вярнуць мацеры хоць аднаго сына! Але як вырваць яго? Думаў я. Думалі ўсе камандзіры. Увесь атрад. Падпольная група ў горадзе. Дзейнічалі. Але здзейсніць планы не ўдавалася. Мусілі пайсці на перагаворы з ворагам. Упершыню. Прапанавалі абмяняць Пецю на паліцаяў — немцы не адказалі. Што ім нейкія здраднікі, халуі!
Зноў бяссонныя ночы, боль і пакуты. У адну з такіх начэй я не вытрымаў. Падняў разведчыкаў, ускочыў на каня. Нават камісару і начштаба нічога не сказаў. Далёка было ад нашага новага лагера да Казюраў. А жнівеньская ноч яшчэ не вельмі доўгая. Калі ўжо днела, дабраліся туды. Хлопцы сталі — двое на вуліцы, адзін на гародзе: паліцаі насцярожаныя пасля нашых рэйдаў, усю ноч нясуць ахову, не тое, што зімой.