Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Іван! Хіба я не помню! Але я запісала яе — Іванаўна. У сорак чацвёртым. Тут, у сельсавеце. Я не магла інакш. Лёс звязаў мяне з Іванам!.. — Яна горка ўсміхнулася.
Яго трошачкі кальнула гэтае «лёс звязаў» — напамінак, што той, каму яны вынеслі прысуд, таксама быў Іванам. Пра гэта ніколі не думалася раней. Навошта ёй напамінаць?
— Ты спалохалася, што я магу прагаварыцца?
— Не. Але…
— Я не прагаваруся. Не бойся. Ты спазнілася на ўрок.
— Я спазнілася. Можа мне не ісці? — нясмела, як вучаніца, спытала яна.
— Не, ідзі,— амаль жорстка, як суровы педагог, сказаў ён.
— Я пайду.
Зноў ён у адзіноце слухаў цішыню і самога сябе. Цяпер ходзікі адбівалі ўжо інакш: «так-так, так-так». Але гэта не было сцвярджэнне, гэта было як няўпэўненая развага, адказ на нейкія патаемныя (думкі.
Вялікія фікусы, густыя гардзіны засланялі вокны, і ў хаце быў паўзмрок, трымалася начная цеплыня, яна стварала ўтульнасць і неяк расслабляла цела і мозг.
Іван Васільевіч сеў на канапу, з якой Надзя прыбрала пасцель, і тут адчуў, што моцна змарыўся: не спаў ноч, прагуляўся добра ад станцыі. Цяпер толькі ўбачыў, што па хаце — на табурэтцы, на стале, на дроце, на якім трымалася на кольцах шырма, нават на фікусе — раскідана мноства дзявочых — менавіта дзявочых, не жаночых — рэчаў: халацік, касынка, панчохі, духі… І патыхнула нечым дзіцячым — тым беспарадкам і пахам, які заўсёды стаяў у зямлянцы, дзе яны былі — Надзя, малая Віта, Рошчыха. Няхай асуджаюць маралісты, але гэта быў куток звычайнага чалавечага быцця, а не вайны, і яго цягнула туды, пасля кожнага бою, пакарання здраднікаў і пахавання сваіх людзей. Даволі было патрымаць на руках дзіця — і вярталася душэўная раўнавага. Можа таму так спакойна, утульна здалося цяпер у гэтай хаце, што адчулася прысутнасць таго дзіцяці.
Ён паспрабаваў разбурыць ілюзію: дзіцяці ўжо дваццаць тры гады. Яна можа цябе так сустрэць тут, што і рады не будзеш. Не, настроіцца скептычна немагчыма. Але і весялосці няма. З болем і смуткам падумаў пра Надзю. У яе хапіла адвагі і рашучасці за тыдзень да родаў кінуць усё і паехаць у лес… У яе хапіла адвагі з дзіцём на руках заставацца ў атрадзе тады, калі замыкалася кола блакады. Яе маглі яшчэ вывесці. Цяпер жа ў яе нестае смеласці сказаць роднай дачцэ, хто сапраўды яе бацька. Змянілася?
«Усе мы змяніліся. Але ты можа менш, чым хто. Чым я».
«Ты ўсё яшчэ партызан…»
«Наўрад, ці той я ўжо, які быў».
«Лёс звязаў мяне з Іванамі».
Не, гэта не напамінак пра яго. Гэта — боль і прызнанне. Прызнанне, што ты такая ж… што пойдзеш разам у любую блакаду… Не, як і тады, ты не пойдзеш без дачкі, ты пойдзеш толькі з ёй. Ты баішся, ты дрыжыш, каб хто-небудзь не стаў паміж вамі, мёртвы ці жывы… Не бойся. Не стане. Ніхто! Цяпер ужо ніхто!
…Усё глыбей і глыбей угрузаюць ногі ў дрыгву, зялёную, густую, ліпучую. На плячы кулямёт… Які ён цяжкі сёння! А дзіця на руках лёгкае. Зусім лёгкае, як пушынка. Можа яго няма? Можа засталася адна коўдрачка? Не, ён чуе яго дыханне, спакойнае пасопванне носікам. Але не чуе другога — чвякання дрыгвы за спіной — крокаў людзей, сваіх людзей. Дзе яны? Чаму адсталі? А можа ўсіх скасілі кулі? Дзіўна тахкае кулямёт — рэдкімі адзіночнымі стрэламі: «так-так, так-так» — зусім не падобна на звычайныя стрэлы. Яму трэба азірнуцца, паглядзець — што там ззаду, дзе людзі? Але ён не можа павярнуцца — ад цяжару і ад боязі праваліцца ў «чортава вока». Яны застылі перад ім чорнымі, бліскучымі, як дзёгаць, плямамі. Ён асцярожна абыходзіць іх, але ногі грузнуць усё глыбей і глыбей. Пот залівае твар, вочы. Хочацца закрычаць, але няма голасу. Трэба паглядзець назад, абавязкова трэба! Ён спрабуе павярнуцца і… адчувае, што дрыгва засмоктвае, цягне за ногі ў халодную бездань. Па пояс, па грудзі… Ён паднімае дзіця высока над галавой — у неба, да сонца. Каб людзі ўбачылі, рата валі… Ён крычыць…
…Абудзіўшыся, Іван Васільевіч не адразу ўцяміў, дзе сон, дзе ява. Было і такое. Ішлі па такім балоце. Але нёс ён не дзіця — раненую партызанку, упаўнаважаную ЦК камсамола. Нідзе не праваліўся. І побач увесь час ішлі людзі, многа людзей, партызан. Самае страшнае, выходзіць, застацца аднаму і не магчы азірнуцца, каб убачыць сяброў. Сапраўды, ён спацеў, увесь лоб мокры. Галава адкінута да сцяны, рукі закінуты за галаву — відаць, у сне цягнуў іх угору. Прыгадаў, дзе ён, — схамянуўся: можа, змораны, доўга спіць? Шыя самлела, рукі ацяклі. Выпрастаўся — і ўбачыў яе. Дзяўчына стаяла каля грубкі, глядзела на яго са скептычнай усмешкай.
Іван Васільевіч пазнаў: Віталія. Але здзівіўся. Каб сустрэў дзе ў горадзе, напэўна, не пазнаў бы — так яна змянілася з таго часу, калі бачыў яе апошні раз. Сем год назад на яго са знявагай і нянавісцю зіркала цыбатае, худое дзяўчо-падлетак. Цяпер стаяла вельмі ладная жанчына. Але, усё ў яе паставе было такое, што, відаць, кожны з першага позірку назваў бы яе жанчынай, а не дзяўчынай. Можа гэта — ад строгасці ўбрання: трыкатажны гарнітур стальнога колеру, гэтакія ж, як у маці, гладка прычасаныя валасы, сплеценыя і завязаныя на патыліцы ў куксу.
Але здзівіла не тое, як яна вырасла, пасталела, а, тое, як мала дачка падобна на маці. Высокая, дзябёлая — як жартуюць, «гром-баба» — з грубейшымі, чым у маці, рысамі твару, але твар яе, шырокі, са здаровым румянцам, прыгожы, ва ўсякім разе — прывабны. Выразныя вочы, поўныя сакавітыя вусны. Менавіта яны, вусны, і надавалі твару асаблівую прывабную жаноцкасць.
За кароткі міг, пакуль яны разглядалі адно аднаго, у Антанюка бліснула яшчэ адна думка: і на Сваяцкага яна не падобная.
Віталія сказала з іроніяй:
— Дзень добры, таварыш «партызанскі таварыш».
— Дзень добры, Віта.
Іван Васільевіч падняўся, каб паціснуць дзяўчыне руку. Але яна не кранулася з месца, з твару знікла ўсмешка, вочы зрабіліся халодныя. Ён пабаяўся, што яна не падасць рукі, а гэта з першай хвіліны ўскладніла б іх адносіны.
— У цябе «фортачка»? — спытаў ён, успомніўшы вяртанне Надзі, яе боязь, папярэджанне.
У дзяўчыны нядобра скрывіліся поўныя вусны.
— У вас ёсць права казаць мне «ты»?
Усё-такі яна настроена абвясціць вайну.