Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Мяне ты можаш вініць. Маці не віні…
— Ды ну вас… — не злосна, а ўжо неяк стомлена і абыякава адмахнулася дзяўчына. — Ешце. Яечня астыла, — і пачала нехаця закусваць, быццам жадаючы паказаць госцю прыклад.
Сядзелі адзін перад адным, апусціўшы вочы ў талеркі, рабілі выгляд, што ядуць, і маўчалі. Доўга маўчалі. Гэта былі цяжкія хвіліны.
Іван Васільевіч дакараў сябе:
«Навошта я гэта зрабіў? Каб парушыць душэўны спакой яе, Надзін, свой? Праўда, на якое ліха ёй цяпер бацька? Ды яшчэ такі. Удачараць трэба было тады, у вайну, калі яна была дзіця. Але тады чамусьці і ў галаву не прыйшло, што ёй трэба бацька. Зараз прыйдзе Надзя і… не пацвердзіць… Разбурыць усё. І мне, хлусу, як пабітаму сабаку, прыйдзецца пакінуць хату… Як я гляну ёй у вочы? Ужо і цяпер цяжка глянуць ёй у вочы».
— Я вінаваты перад табой: ты даўно магла б ведаць…
— І думаеце, што мне ад гэтага лягчэй жылося б? Не, мама зрабіла мудра. Я была, як усе тыя, хто застаўся без бацькі. А іх тут, у сяле, нямала такіх, маіх равеснікаў. Мой бацька, партызан, загінуў, як герой, і я ганарылася ім. Усё было проста. З намі ў школе вучыўся хлопец, Яўген Коўшык, пра якога казалі, што бацька яго — немец. Ён быў ціхі, добры, а яго ўсё адно не любілі, называлі «фрыцам». Дзеці жорсткія. Пасля сёмага класа ён мусіў з’ехаць некуды ў Данбас. Кажуць, стаў шахцёрам. Жаніўся. І ні разу не прыехаў у сваё сяло. Я разумею яго. Таму не віню маці… Як скажаш дачцэ пра свой грэх, нават калі яна і не дзіця ўжо, дачка?
Антанюку не стала лягчэй пасля яе слоў.
Маці яна не вініць. А яго, па сутнасці, параўнала з немцам. Ніводнай ноткі радасці ці ўдзячнасці. Дажыў да пенсіі, а паводзіш сябе, як хлапчук. Хіба не здаралася ўжо, што твая філантропія паварочвалася супраць цябе? Але трывожыла не гэта. Трывожыла думка, як паставіцца да яго маны Надзя. Трэба абавязкова папярэдзіць яе.
Ён падняўся з-за стала, падзякаваў за снеданне.
— А чай? — спытала Віталія.
— Дзякуй. Не хачу. Нешта разбалелася галава. Хачу прайсціся.
— Вам трэба сустрэць маму і папярэдзіць яе… змовіцца? — здагадалася яна, саркастычна ўхмыльнуўшыся. — Ідзіце. Маму такі трэба папярэдзіць. Яна — што дзіця. Зусім не ўмее маніць. У яе цяпер урок у восьмым, у былой царкве. — Віталія ўздыхнула. — Калі нам пабудуюць школу? Бегаем, як апантаныя, з аднаго канца сяла ў другі. У дождж, у гразь, — і чамусьці недарэчна папракнула: — Паспрабавалі б вы так папрацаваць, — быццам будаўніцтва школы залежала ад яго, Антанюка.
Надзя, відаць, угледзела яго праз акно і, кінуўшы клас, выскачыла на вуліцу, спалоханая: што здарылася? Чаму ён ходзіць тут?
Іван Васільевіч убачыў спалох на яе пабялелым твары, прачытаў запытанне ў насцярожана расшыраных вачах. Вінавата ўсміхнуўся. Глянуў на вокны школы — да шыб прыліплі фізіяноміі хлопцаў і дзяўчат. Цікава ім: да каго так паспешліва выйшла настаўніца? Надзя таксама азірнулася на вокны і яшчэ больш разгубілася і спалохалася. Там, у партызанах, калі штодня вісела смяротная пагроза над ёй самой, над малой дачкой, ён ніколі не бачыў жанчыну такой трапяткой, разгубленай, па-птушынаму бездапаможнай… Дзіўна змяніўся чалавек. Чаго ёй баяцца цяпер? З-за чаго хвалявацца? Слова не можа вымавіць. Вачамі моліць: кажы хутчэй, што ў вас там здарылася?
— А такі здарылася…
— Што? — як у непрытомнасці, прашаптала яна.
— Віта спытала, хто яе бацька…
— І ты сказаў?..
— Сказаў — я…
— Іван!
— Яна ездзіла ў наш раён і распытвала пра Шугановіча.
Твар яе зусім спалатнеў, пальцы сутаргава скамечылі хустку, што была накінута на плечы.
— На тваё… наша шчасце, не напаткала нікога, нікога з тых, хто ведае ўсё… Але што Шугановіч — Васіль, пра гэта ёй сказалі. Чаму ж яна Віталія Іванаўна?
— Іван! Я не магу больш маніць! Не трэба! Навошта?
Ён адказаў гучна і амаль узлавана:
— А хіба не я быў бацькам ёй ад самага нараджэння? Не я тры гады насіў на руках? Хіба не я думаў пра яе? Але, думаў… гэтак жа, як і пра сваіх дзяцей! Яна жыла ў маім сэрцы… Хто яшчэ пра яе так думаў, акрамя цябе?
— А ён? Іван! А што, калі ён жывы?
— Яго няма.
— Няма?
Іван Васільевіч наблізіўся і сціснуў яе руку, моцна сціснуў каля локця, да болю. Другой рукой клапатліва паправіў хустку, захінуўшы грудзі, каб не прастудзілася. Яна паспрабавала вырваць руку. Ён не адпусціў.
— Даўно няма. Гэта адзінае, што я стаіў ад цябе.
— Ты?!
— Не. Не я. Трыбунал. Пасля вайны ўжо. У сорак дзевятым. Тады ён уцёк на Украіну. Але не за тым, каб працаваць. Уступіў у бандэраўскі атрад. На яго руках многа крыві нашых людзей. Разбітыя, бандыты пахаваліся, хто ўцалеў. Сваяцкага знайшлі недзе ў Азербайджане. Мяне выклікалі для апазнання. І пасля — сведкам на суд. На вочнай стаўцы ён меў магчымасць спытаць пра вас, каб быў чалавекам. Не спытаў. Вы не існавалі для яго. Яны там усе азвярэлі. Родных матак ненавідзелі.