Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Віталія трохі ажывілася, калі накрывала на стол тут, у чыстай палавіне хаты, дзе госць рабіў выгляд, што ўся ўвага яго занята кніжкамі на этажэрцы.

Стол яна сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Над талеркамі ўзвышалася пляшка з-пад шампанскага з амаль чорнай, як дзёгаць, вадкасцю.

Віталія запрасіла госця да стала, села сама насупраць і гасцінна напоўніла шкляначкі настойкай.

Іван Васільевіч узняў сваю шклянку, сказаў:

— Я вып’ю за цябе, Віта. Я рады, што бачу цябе такой. За твае поспехі, за шчасце! Будзь здарова.

Але Віталія не дала яму выпіць. Яна сказала:

— Я ненавідзела вас. Тады, дзяўчынкай… Абуралася ўся мая дзіцячая істота. Потым вы доўга не траплялі на вочы, і я амаль забылася пра вас. Калі сёння мама — божа! якая яна разгубленая! — сказала мне ў школьным калідоры, што прыехаў яе партызанскі таварыш, я здагадалася, што гэта вы, і ў мяне калыхнулася нядобрае… Пратэст, ці што… Але потым я падумала, што мама кахае вас… Што яна засталася вернай гэтаму каханню… Яна была маладая і магла выйсці замуж, прывесці мне айчыма… Такое каханне нельга не паважаць. Я сама ў інстытуце выступала супраць ханжаства. Я даравала вам… Сёння, ідучы са школы. І я нічога не буду распытваць пра вашы адносіны з мамай. Разумею. Не маленькая. Але абяцайце, што вы будзеце са мной такім жа шчырым і будзеце гаварыць, як з дарослым чалавекам.

Іван Васільевіч адчуў, што перасохла ў роце. Ён не сказаў — кіўнуў галавою: абяцаю.

— Я задам вам адно пытанне. Вы адкажыце шчыра! — яна не прасіла — патрабавала.

Іван Васільевіч паспрабаваў усміхнуцца. Сказаў бадзёра:

— Калі ласка, — але ўбачыў, што настойка ў шклянцы калышацца — рука дрыжыць. Паставіў шклянку на стол.

— Хто мой бацька?

Антанюк прымусіў сябе ніяк не зрэагаваць на такое нечаканае пытанне. А яно такі нечаканае, нягледзячы на папярэджанне Надзі. Сказаць праўду? Ці падтрымаць святую ману маці? Ён зноў узяў шклянку, ва ўпор паглядзеў ёй у вочы, убачыў, што яна моцна хвалюецца — ажно дрыжаць вусны. І ўся дрыжыць ад нецярпення.

— Давай вып’ем, Віта.

Яна прагна, па-мужчынску асушыла сваю шклянку. Ён, павольна цягнучы настойку, вырашыў не адкрываць мацярынскай тайны. Няхай усё застаецца так. Яе бацька — Шугановіч. Але раней загаварыла Віталія: пачала ўзбуджана тлумачыць, чаму запытала пра гэта:

— Я даўно бачу, што мама блытаецца і не дагаворвае нешта. Ёй як бы балюча гаварыць пра майго бацьку. Спачатку мне здалося: яна вінавата перад ім. Пасля інстытута я паехала ў той раён, дзе вы партызанілі.

Івана Васільевіча кінула ў пот. Ад настойкі, ці што?

— Так многа было вас, партызанаў, а праз дваццаць гадоў нікога нельга знайсці, хто мог бы толкам расказаць. Расказваюць легенды. Хто што. Толькі адна настаўніца добра помніць Шугановіча, завуча школы, дзе яна працавала да вайны. Ведае, што ён быў камісарам атрада ў Антанюка. Але імя таго — Васіль… Маці я нічога не сказала… Калі яна напускає туман на маё з’яўленне на свет, то, нарэшце, мне таксама ўсё роўна, хто мой бацька, — заключыла яна са злосцю.

— Твой бацька — я.

«Што ты робіш? Навошта ты гэта робіш? Такая твая шчырасць?!» — закрычаў адзін Антанюк.

«А хіба я не быў ей за бацьку там, калі над усімі вісела смерць? Ёй не будзе сорамна за такога бацьку. І можа праз гэта ёй лягчэй будзе жыць», — разважліва казаў другі.

— Вы? — Віталія доўга, не моргаючы, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела яму ў вочы. Потым нядобра засмяялася: —Вы?! Вам захацелася зрабіць мне сюрпрыз? Вясёленькая гісторыя! Ха-ха.

Потную спіну лізануў халодны ветрык. Паўзло тое агіднае пачуццё, якое да яго рэдка наведвалася і якое, пэўна, называецца страхам.

«Навошта нагрувашчваю яшчэ адну хлусню? На якога д’ябла ёй цяпер маё бацькоўства? Калі яна пагоніць такога бацьку к чортавай матары, то зробіць правільна».

Але адступлення няма. Трэба не разгубіцца, падмацаваць прызнанне тлумачэннямі.

— Я працаваў загадчыкам райза. А твая маці — у школе, у пачатковай. Стары будынак царкоўнапрыходскай школы. З кватэрай для настаўніцы. Мы пазнаёміліся яшчэ да вайны.

— Вы былі жанаты?

— Быў жанаты.

— Нішто сабе маралісты! А цяпер усе грахі валіце на наша пакаленне і хочаце выдаць сябе за святых.

— Не, мы не святыя. Мы былі людзьмі… Калі пачалася вайна, сям’я мая эвакуіравалася, а я пайшоў у лес, арганізаваў атрад… Твая маці — мужная жанчына. Яна прыйшла ў атрад… у такім становішчы… незадоўга да твайго з’яўлення на свет. Ты нарадзілася ў партызанскай зямлянцы.

— Гэта падобна на праўду, — задумліва сказала Віталія, — мама такая… І вы… абаронца траў,— яна хмыкнула, наліла настойкі толькі сабе і гэтак жа па-мужчынску выпіла. — Цяпер я не ведаю, што мне рабіць. Цалаваць вам рукі ад радасці? Ці пагнаць прэч з хаты за тое, што вы столькі маўчалі?.. Пускаеце на свет дзяцей — і баіцеся сказаць ім праўду.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: