Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— У мяне ёсць такое права. Я на трыццаць пяць год старэйшы.
— Усяго?
— Што — усяго?
— Усяго і права?
— Не, не толькі гэта. Я вось тут заснуў. І ў сне перажыў — каторы раз! — адзін эпізод партызанскага жыцця. Мы прарываліся з блакады. Ішлі праз балота. І я нёс дзіця. Я нёс цябе…
— Часта вы насілі мяне?
— З блакады? Не. Блакіравалі нас грунтоўна ўсяго двойчы. Але першы раз, увосень сорак другога, мы загадзя вывелі сямейны атрад у бяспечнае месца.
— Сямейны?
— Але. Цябе здзіўляе? Відаць, ты мала чытала партызанскіх кніг. Атрады, у якіх жылі жанчыны, дзеці, называліся сямейныя. Але маці твая і ты часцей знаходзіліся пры баявым атрадзе…
Зноў нядобрая ўхмылка скрывіла яе вусны.
— Чаму была такая прывілея?
Ён не адказаў на яе з’едлівае пытанне.
— І мы больш за два гады насілі цябе на руках. Дзіця… Ты была радасцю, пацехай і нагадвала пра сэнс нашай барацьбы. Ты, педагог, павінна зразумець гэта. Пагушкаеш дзіця — і лягчэй ісці ў бой. Мы былі людзі, а не аўтаматы. Мы любілі… ненавідзелі… плакалі ад замілавання, гледзячы на забаўкі дзяцей…
Віталія нерухома стаяла на ранейшым месцы, як акамянелая, дапытліва і, здалося, скептычна разглядала госця.
Івана Васільевіча раптам узлавалі і яе ўхмылкі, і манументальнасць паставы, і тое, што ён, мусіць, быццам бы апраўдваецца перад гэтай дзяўчынай. Чаму?
Ён сказаў цвёрда і строга:
— Што б у нас ні было, ты цяпер не маеш права асуджаць нас. Не, не маеш! Табе не пятнаццаць год!
Яна адказала не адразу, як бы падумаўшы:
— Я не асуджаю.
— І я хачу, каб ты ведала, што я такі маю права казаць табе «ты».
Віта засмяялася басавіта, шчыра, і смех такі неяк адразу скрышыў лёд. Павеяла цёплым вецярком.
Зрушыла з месца: схапіла з фікуса свой халацік, размашыста кінула яго за шырму. Перасунула крэслы. Прыбрала са стала кнігі і сшыткі.
— Вы елі? Маю загад накарміць вас.
— Не. Не еў. Я заснуў. Але я галодны, як воўк. Далікатны госць не павінен прызнавацца. Але я не далікатны госць.
Яна весела, неяк па-новаму бліснула вачамі і пайшла на кухню.
«На каго яна падобна? Ні на каго яна не падобна!» — падумаў Іван Васільевіч і адчуў задавальненне ад размовы, якая напачатку здалася небяспечнай. Настрой адразу ўзняўся. Ён правёў даланёй па калючым падбародку і пашкадаваў, што не захапіў з чамадана электрабрытвы. Святло ёсць. І разетка. Але, выходзячы з вагона, ён зусім не думаў адставаць. А пагаліцца хочацца — прывык галіцца штодня. Дзе цяпер у гэтым жаночым царстве знойдзеш брытву?
Скінуў пінжак і ў адной сарочцы, закасваючы рукавы, выйшаў на кухню. Віталія распальвала на прыпечку керагаз.
— Дзе можна памыцца?
— Я палью вам.
Дзяўчына моўчкі, задумліва палівала яму на рукі над эмаляваным тазам. Яму не спадабалася, што яна раптам стала такая маўклівая. Трэба нечым зацікавіць яе.
— Я ўжо тыдзень у дарозе. Ездзіў да сына. Ён служыць у Крыму. Сухапутны марак. Берагавая ахова. Ён твой равеснік, месяцы на тры маладзейшы.
Выціраючыся, праз ручнік сачыў, як яна прыняла гэтае паведамленне. Зусім спакойна, бадай абыякава. Спытала:
— У вас водпуск?
— Не-е. Я вольны казак. Пенсіянер.
Тут яна здзівілася:
— Так рана? У вас і лысіны яшчэ няма, і сівых валасоў нямнога.
Такая амаль дзіцячая яе непасрэднасць рассмяшыла.
— Дзякуй за камплімент.
Лёгкая чырвань зрабіла дзяўчыну прыгажэйшай.
— Не, праўда, чаму вы так рана на пенсіі? Па хваробе?
— Не, я здаровы. Абараняў травы.
— Травы? Якія травы? — не зразумела яна.
— Кармавыя. Якія хацелі заараць і пасеяць замест іх кукурузу.
— А-а, у калгасах. І за гэта вас паслалі на пенсію? Карацей кажучы, вы некаму перашкаджалі?
— Магчыма. Але і такое тлумачэнне спрошчанае. Усё больш складана. Як заўсёды ў жыцці.
— На пенсію вам не хацелася?
— Не хацелася.
— Вам цяжка?
Іван Васільевіч зразумеў: Віталія падумала, што гэта здарылася нядаўна і што праз гэта ён прыехаў — адвесці душу.
— Не. За паўтара гады я ўжыўся ў сваю новую ролю. Як ужываецца акцёр. Няньчу ўнука, езджу на паляванне…
— Ваш сын жанаты?
— Старэйшая дачка замужам.
Чакаў, што яна спытае: колькі ў вас дзяцей?
Не спытала. Занялася кухоннымі справамі.
Ён прапанаваў памагчы ёй. Адмовілася.
Пайшоў у пакой, знарок не зачыніў дзверы і ўпотай назіраў за дзяўчынай. Яна рабіла ўсё з ненатуральнай павольнасцю, у глыбокай задумлівасці. Пра што яна думала? Гэта сур’ёзна пачало непакоіць Івана Васільевіча. Няхай бы лепш яна была калючая, насмешлівая, як у пачатку сустрэчы, нават непаважлівая.