Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
«Якая лухта лезе ў галаву. Падазраваць дзяўчыну, няхай і не наіўную, у такім злосным намеры, у жаданні так жорстка і бязлітасна адпомсціць маці — абсурд. Маці ёсць маці. Мала чаго Віталія магла засмяяцца так. А можа праўда прыснілася? Во характар чалавечы! Сядзеў ты, Іване, ціха, спакойна… Дык — не, сарваўся і нарабіў сабе клопату. А калі я сядзеў ціха? Не, не было такого дня, калі б адчуваў сябе пенсіянерам. Пакуль жыву — буду хваляваць і другіх. Буду шумець. Буду памыляцца, бо не памыляюцца толькі абывацелі і мерцвякі. А я жыву! Жыву! Буду любіць і буду ненавідзець! Можа я зрабіў глупства, але не раскайваюся. Табе не будзе, ніколі не будзе горка і сорамна за таго, хто назваўся тваім бацькам. Ты можаш вініць мяне шмат за што, але не за тое, што было галоўнай лініяй майго жыцця, што павінна быць галоўнай лініяй жыцця кожнага чалавека».
Віталія ўвайшла, каб нешта ўзяць, і ступала на насочках — думала, што ён спіць.
Іван Васільевіч падняў з грудзей кнігу.
— Хадзі смела. Я не сплю. Захапіўся «Капітанскай дачкой».
— О-о! Вас яшчэ могуць захапіць такія кнігі?
— А чаму не? Мы, старыя, якраз і чытаем Пушкіна, гэта вы, моладзь, — аднаго Еўтушэнку.
Раптам захацелася ўцягнуць яе ў спрэчку — у такую, якую часта вёў з Ладай. Але Віталія не прыняла выклік. Відаць было, што Еўтушэнка для яе — пусты гук, не тое, што для Лады, галава якой набіта вершамі гэтак жа, як і формуламі. Падобна на тое, што Віталію вершы мала цікавяць. Яна — практычная рэалістка. Наколькі глыбокія яе веды па хіміі і біялогіі, якія яна вучыла ў інстытуце і вядзе ў школе? Па біялогіі аграном Антанюк мог бы паспрачацца з любым педагогам, хоць яго і абвінавачвалі, што ён адстаў ад перадавой навукі. Праўда, цяпер пачалі прызнаваць і тую, старую, «неперадавую» навуку, якой трымаўся ён яшчэ з Ціміразеўкі.
Віталія сказала:
— Я хачу запрасіць на абед нашага дырэктара школы. Вы нічога не маеце супраць?
— Нішто сабе госць, які пачаў бы камандаваць гаспадарамі — каго запрасіць, што падаць на стол…
Дзяўчына корпалася ў шафе за шырмай — відаць, пераадзявалася. Сказала пасля доўгай паўзы:
— Мама параіла запытаць. Відаць, яна не лічыць вас госцем…
Іроніі не пачулася. І гэта было аж занадта. Іван Васільевіч нават не знайшоў, што адказаць. Яна адразу адсекла ўсе сумненні. Яна прызнавала яго права гаспадарыць тут.
Сціхла там, за шырмай, — мабыць, чакала, што ён адкажа на яе словы.
— Вядома, запрашай. У нас жа з табой — свята. І папрасі яго, калі ласка, захапіць брытву. Спадзяюся, што ён голіцца? Ці носіць бараду?
Яна засмяялася весела і бадай-што шчасліва. Ці проста Івану Васільевічу хацелася, каб яна смяялася шчасліва? Не толькі тут, але і раней яшчэ ён заўважыў, што пачынае траціць дакладнае адчуванне настрою блізкіх людзей і вызначае яго ў залежнасці ад свайго суб’ектыўнага жадання. Хацелася, напрыклад, каб Вольга крыху пасмуткавала — і здавалася, што яна смуткуе. Але, калі ён спытаў аднойчы ў жонкі, чаму яна такая зажураная, тая здзівілася:
— Выдумаеш, Іван! У мяне даўно ўжо не было такога добрага настрою, як сёння. Гэта табе, мабыць, нявесела, — і цяжка ўздыхнула. — Я разумею.
Смяшылі і злавалі гэтыя ўздыханні ад перакананасці, што яму цяжка без працы, без калектыву.
Віталія з такім жа шчаслівым смехам — ён не памыляўся — шчаслівым — нешта доўга расказвала маці.
Зачыніліся за дачкой дзверы — і Надзя адразу ўвайшла ў светлы пакой. Адзетая па-хатняму — у сінім фартушку, у белай касынцы, з-пад якой выбіваліся пасмачкі валасоў, простых, але не прыгладжаных так, як раніцой, — выглядала простай, чысценькай і прывабнай гаспадынькай. Чырвань на шчоках маладзіла твар.
Івану Васільевічу захацелася даць ёй радасць.
— Пасядзі каля мяне, Надзя.
Жанчына прысела на край канапы. Ён узяў яе маленькія рукі. Яны пахлі свежымі булкамі. Пацалаваў пальцы. Хацеў сказаць звыклыя словы: «Я люблю цябе, Надзя». Але нешта незнаёмае, невядомае стрымала. Нейкае новае пачуццё. Не сказаў. Надзя гэтак жа, як і раніцай, правяла даланёй па яго калючай шчацэ. Яна, безумоўна, адказала б: «І я люблю цябе, Іван». Але ён не сказаў — можа таму яна ўздыхнула.
У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Перад кім? За што? І яшчэ — прымеека жалю. Жаль — пэўны: да яе, за тое, што яна магла гэтыя дваццаць год пражыць інакш, мела права пражыць інакш. І з’явілася адчуванне віны. Перад ёй.
— Даруй, Надзя…
— За што, Ваня? — яна здзівілася так шчыра, што Іван Васільевіч не стаў больш нічога казаць: здалося, што і настрою яе не адчувае і ўвогуле ўсё ўскладняе — апанавала гэткая няхлюдаўшчына. Трэба горача абняць яе, абсыпаць пацалункамі; так рэдка ў яе бывае такая радасць. Прыцягнуў да сябе. Надзя сама, неяк зусім інакш, чым: раней, пацалавала яго і… адхілілася. Сказала:
— Закружыў галаву ёй гэты Алег Гаўрылавіч.
Іван Васільевіч не адразу зразумеў, што Надзя — пра дачку. Зразумеў — і тут жа адчуў: Віталія стаіць паміж імі, стаіць так, як не стаяла ніколі. Маленькая, яна збліжала іх. А цяпер, калі ён так наблізіў яе самую, гэта выводзіць адносіны Надзі і яго ў зусім другое рэчышча, у якое — яшчэ невядома, але няпэўнасць, новая мана, якую яна прыняла з бояззю і радасцю, дзіўна і своеасабліва адчужае іх. Ці можа ўнутраны халадок гэты мае больш простую прычыну: гады? Гады ўвогуле і шэсць год, якія яны не бачыліся.
— А ў яе, па-мойму, гэта першае сур’ёзнае пачуццё. І мне боязна…
— Чаго?
— Яна захоплена, як вучаніца… у шаснаццаць год. А ёй дваццаць тры…
— Якая розніца. «Любви все возрасты покорны», — Іван Васільевіч адгарнуў хрэстаматыю на партрэце Пушкіна.
— Ты не разумееш, Іван. Яна настаўніца, а ён — дырэктар. Злыя языкі пускаюць плёткі.
— Божа, якая ты стала правільная.
— Я — маці.
— Калі яны кахаюць адно аднаго, як ты кажаш, — чаго табе баяцца плётак? Без плётак было б сумна.