Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Жанчына ўздыхнула.

— Мая бяда, што я не веру, што і ў яго гэта так жа сур’ёзна і так… рамантычна, як у яе. Ён быў ужо жанаты. Але не гэта мяне палохае. Яму — трыццаць два гады. У жыцці ўсялякае бывае. Але каб ён быў да канца шчыры. А ў мяне ўвесь час адчуванне, што ён нешта тоіць…

— У кожнага ёсць свая тайна.

— Так, у кожнага з нас свая тайна. Але я хаваю сваю тайну дзеля спакою і шчасця блізкага чалавека — дачкі. А ён дзеля чаго?

— А якая тайна ў яго? Што ты падазраеш? Ён жа сказаў, што быў жанаты. Ці разведзены — можна праверыць.

— Ненавіджу праверкі! Я хачу верыць чалавеку. Віта верыць, як дзіця! Як яна накінулася на мяне, калі я пачала аднойчы размову пра гэта… асцярожна, далікатна. А яна… ты паглядзеў бы, як закіпела! Абразіла мяне: «Ты па сабе мераеш усіх!»

— А праўда: чаму тое, што ён, магчыма, не аформіў развод, здаецца такой небяспечнай тайнай? Ты сама, кажаш: у жыцці ўсялякае бывае. Ну, добра, быў жанаты. Ну, не атрымалася… Невядома, па чыёй віне.

— Але ж каб ён шчыра прызнаўся. Самае страшнае — расчараванне, Іван. Самае страшнае. Я ведаю, што гэта такое… Мне тады было дваццаць два…

— Але ў цябе былі іншыя прычыны.

— Усё адно. Гэта страшна! Толькі шчырасць збліжае, родніць людзей на ўсё жыццё. Як у нас з табой. Ты нічога не таіў ад мяне, я — ад цябе. У цябе быў абавязак. І я палюбіла цябе яшчэ больш, калі ты пайшоў да сям’і.

— Віта не здалася мне такой ужо рамантычнай. Разважанні яе вельмі цвярозыя.

— О не! Ты памыліўся. Знешне яна нібы грубая, дзёрзкая. Але я ведаю, як лёгка раніць яе сэрца. Яна ўсюды ваюе за праўду. З усімі задзіраецца. Там сварылася з дырэктарам школы, з райана, а тут ужо колькі разоў налятала на дырэктара саўгаса. За культуру. А ён, Алег, не толькі не стрымлівае яе, а падбівае на такія наскокі. А сам заўсёды ўмее застацца ўбаку. Не падабаецца мне… Не люблю я такіх. Ты калі-небудзь станавіўся збоку, калі ў бойку лезлі блізкія людзі?

Іван Васільевіч падумаў:

«Калі Надзя не памыляецца, то ананімка магла пайсці ад яго. Віталія расказала па прастаце душэўнай, і ён не стрымаўся, каб не „сігналізаваць“. О, вядуцца яны яшчэ, такія „сігнальшчыкі“! Калі так, то паганы чалавечак!»

— А можа антыпатыя да яго ў цябе ад рэўнасці, што ён, чужак, робіцца дарагі тваёй дачцэ? І ад страху, што ён забярэ яе ад цябе?

— Можа, — сумна згадзілася жанчына. — Ты ўсё яшчэ партызан, а я ўжо не партызанка. Я баязліўка. Віта рыхтуецца ў партыю, і я таксама баюся.

— Чаго?

— А калі не прымуць? Які для яе будзе ўдар!

— Чаму не прымуць?

— За характар. Задзіраецца з людзьмі. Дырэктар саўгаса што скажа — тое і будзе.

— Не той час, Надзя. У цябе старыя ўяўленні.

А самога кальнула трывога. Але з іншай прычыны.

«У партыю цябе прымуць. Партызанская дачка. Але пасля можа здарыцца, што спытаюць: чаму схавала „факт сваёй біяграфіі“? О, гэты злашчасны факт! І ніхто, ніхто не паверыць, што ты нічога не ведала. Але, не павераць. І можа здарыцца, што тады ўжо не будзе такога сведкі, як я. А факты біяграфіі застануцца. Іх будуць па-ранейшаму правяраць. Выходзіць, я маню не толькі табе… Недарэчная сітуацыя. Можа пераканаць Надзю, што лепш сказаць праўду? „Толькі шчырасць збліжае людзей“. Няхай перажывуць адзін раз… Не, Надзя не згодзіцца, падумае, што я спалохаўся. Ёй трэба выкрасліць таго са свайго жыцця і з жыцця дачкі назаўсёды. Яна рада майму прызнанню і… нават майму паведамленню…»

— Пра што ты задумаўся, Іван?

— Я? Пра дзяцей… Пра нашых… Пра маіх дзяцей.

— Прабач. Я не паспела спытаць, як твае…

— Я, здаецца, казаў: еду ад сына. Не, гэта я Віталіі казаў… Ён у Крыму, у берагавой ахове. Служба пайшла яму на карысць. Але перажытае зрабіла яго крыху замкнутым. Гісторыя ва універсітэце…

— Я ж не ведаю пра гэтую гісторыю. Ты напісаў два словы.

Ён расказаў.

— У цябе былі непрыемнасці?

— Тады — не. Так, размова… А пасля… Пасля прыгадалі ўсё. Сына таксама. Тады я моцна ўзлаваўся на Васіля: мамчын сынок, качаўся, як сыр у масле, і яшчэ незадаволены, пратэстуе… Супраць чаго? А цяпер разумею — супраць чаго. Мы, старыя, патроху звыкаемся з глупствам, подласцю, ханжаствам. І часам праходзім міма іх носьбітаў. Абы спакойна жыць. Маўляў, нічога не пераробіш. А яны, моладзь, не хочуць спакойна жыць, яны хочуць гарэць, а не тлець. А мы часам заліваем гэты агонь… затоптваем груба… ботамі. Баюся, што Вася таксама ўжо ніколі так не загарыцца. Будзе правільны. Не люблю правільных. Вельмі часта гэта людзі з двайным дном. Мне захацелася пасля сустрэчы, каб Васіль вярнуўся дадому. А яго прываражыла мора… Што-небудзь ці хто-небудзь іх прыварожвае, і яны адыходзяць ад нас. Такі закон…

— А Лада? Замуж не выйшла?

— О не! У яе ўсё гарэнне — на навуку. Здаецца, расце вялікі фізік. Лада — мая любоў. З ёй мы знайшлі правільную форму адносін… бацькоў і дзяцей. Мы спрачаемся. А ў спрэчках — ісціна…

Так, па-сямейнаму, разважліва, яны прагаварылі, пакуль не вярнулася Віталія і з ёй — Алег Гаўрылавіч.

Надзя першая пачула іх галасы. Усхапілася, як бы спалоханая ці збянтэжаная.

— Ідуць…

Дырэктар прынёс дзве брытвы: электрычную і «безапаску», Растлумачыў:

— У мяне дык гэтая не голіць падбародак. Прыходзіцца папраўляць старым метадам.

Пазнаёміўся ён проста, не выяўляючы залішняй цікавасці. Увогуле, адчувалася, што гэта даволі стрыманы чалавек — ва ўсім: у словах, ва ўчынках, нават у жэстах. Было ў яго нешта ад драматычнага акцёра, які ведае сабе цану.

Антанюк так і падумаў адразу, бо ведаў і дрэнных і добрых акцёраў. Але ведаў і другое: бывае, што добры акцёр — паганы чалавек. А для яго заўсёды ў першую чаргу — чалавек. Але па ўсім відаць, што гэты акцёр — Алег Гаўрылавіч — не так проста выявіць сваю чалавечую сутнасць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: