Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Не мялі глупства, — па-настаўніцку строга сказала Надзея Пятроўна. — Ідзіце гуляць.

Надвор’е не змянілася за дзень. Было хмурна і ціха. ’Чуць марозіла. Гэтак жа, як раніцой, зрэдку ў паветры кружылі лёгкія-лёгкія, як таполевы пух, сняжынкі. Але і ў бязветранасць такую снег не засыпаў зямлі. Нячутнае дыханне здзьмухала яго.

Поле чорнае. І вуліца таксама. Толькі бялела каля парканаў, у канавах, у разорах і ярах.

Каб выйсці на «цэнтральны праспект», як іранізавала Віталія, яны пайшлі праз гароды. Вачам адкрылася зарэчнае балота, у гэты дзень жоўтае, як іржавая вада, з рэдкімі бярозкамі і маладым ляском удалечыні, недзе на тым краі.

— Сумны ландшафт, — сказаў Алег Гаўрылавіч.

— Няпраўда, — патрыятычна не згадзілася Віталія. — А мне тут усё люба, я тут вырасла. Вы пабачыце вясну! Рэчка наша так сабе, улетку, не падняўшы падол, пяройдзеш. А вясной, калі вялікая вада, — мора. Канца і краю не відаць. Увесь луг і балота заліты. Дзе-нідзе астраўкі… Вада спадае — луг зацвітае. І балота цвіце. Малая, я хадзіла з хлопцамі качыныя гнёзды шукаць. Браканьерка была. А пасля, калі паразумнела, выступала ў абарону качак. І цяпер вучням кажу… Іх мала засталося, качак. Чорт ведае, што робіцца! Паляванне адкрываецца — сюды сотні забойцаў прыязджаюць. Дзікуны! Чарада сабак. Трохстволкі. Двухстволак ужо мала на гэтую няшчасную птушку. — І да Івана Васільевіча: — Сказалі б там, у Мінску, каму трэба, хто мае ўладу, каб забаранілі такое паляванне.

— Я сам паляўнічы.

— Вы? Не кажыце мне гэтага! А то станеце маім ворагам!

— Паляванне можа прынесці карысць, калі яно вядзецца з галавой. Разумна.

— Усё мы ўмеем апраўдваць, — уздыхнула Віталія. — Балота пачалі асушаць… Вунь, бачыце, экскаватар працуе? Я тлумачу вучням: на карысць людзям. А ў самой часам сціскаецца сэрца. Што будзе з нашай рэчкай? З усімі рэкамі? Куды дзенуцца няшчасныя качкі, гусі, буслы, калі ўсё будзе асушана? Ці будзе ад гэтага карысць праз пяцьдзесят гадоў?

— Усе не будзе асушана. Будзе складаная навуковая сістэма рэгуліроўкі воднага рэжыму, — заўважыў Алег Гаўрылавіч.

— О божа! Алег! Не гавары так вучона! Калі я чую ці чытаю такія словы, то перастаю ім верыць.

Іван Васільевіч засмяяўся: Віталія нечакана, можа нават выпадкова, выказала тое, што, здавалася, адчуваў ён сам. Смех яго трохі збянтэжыў дзяўчыну, яна пачала як бы апраўдвацца:

— Мне нават самой робіцца няёмка, што не веру, здавалася б, такім разумным словам. А я хачу ўсяму верыць! Я ж павінна перадаць гэтую веру дзецям.

Была ў такім прызнанні дзіцячая наіўнасць, але была і глыбакадумнасць сталага чалавека, які сур’ёзна ставіцца да жыцця, імкнучыся зразумець з’явы ў іх узаемасувязі і дыялектычнай складанасці. І гэта спадабалася Івану Васільевічу. Лада. пранікае ў невымерна глыбокія законы будовы сусвету, але яна як бы адарвана ад грэшнай зямлі, яна ўжо ў космасе — у другім свеце; яна можа, безумоўна, таксама паразважаць аб асушцы балот, нават з прымяненнем фізікі і хіміі, але ніколі ў яе няма той зямной заклапочанасці, якая адчулася ў гэтай дзяўчыны — за людзей, за птушак, за будучыню: «Ці будзе ад гэтага карысць праз пяцьдзесят гадоў?» Лада крычала: «Пакіньце цвярдзіць, што мы павінны працаваць для шчасця будучых пакаленняў. Будучыя пакаленні паклапоцяцца самі пра сябе лепш, чым робім гэта мы!»

У Віталіі лепшае адчуванне сувязі будучага з мінулым і сучасным, больш простае і практычнае разуменне ролі чалавека на зямлі. Для яе, напэўна, бяссмерце, як і для добрай сялянкі, — у дзецях, а не ў адкрыцці фізічнага закона, які ўзбагаціць навуку. І закаханасць яе звычайная, без хітрасці, без ускладненых перажыванняў. Чуць ён, Антанюк, адстаў — і Віталія, відаць, ужо забылася пра яго. Узяла Алега пад руку, нешта гаварыла і весела смяялася. Што ж, усё натуральна. Яго, старога, шчасце, што захаваў успаміны пра маладосць, пра ўласныя пачуцці, пра свае думкі, імкненні таго далёкага часу. Гэта памагае разумець моладзь. Няўжо тыя, хто не разумее, так забыліся на сваю маладосць? Ці ўсё-такі яна была намнога інакшая, іх маладосць?

Але, інакшая, чым у Лады. Іншыя ўмовы, жаданні, імкненні. Аднак вось Віталіна маладосць, здаецца, не так ужо моцна адрозніваецца ад маладосці яго, Антанюка, пакалення савецкіх інтэлігентаў. Мы — ад зямлі, ад гэтых балот, ад гэтага «сумнага ландшафту»…

«Сумны ландшафт», «навуковая сістэма рэгуліроўкі воднага рэжыму»… Думкі перакінуліся на Алега Гаўрылавіча. А ён з якіх? Не падобны на тых, што рвуцца ў космас, згараюць каля атамных рэактараў. Але і ад тых, што прысвячаюць жыццё вывядзенню новага гатунку руж ці захаванню дзікіх. качак і буслоў, ён, здаецца, хоча адгарадзіцца. Чым? Сваёй артыстычнай знешнасцю? Стала зразумелай Надзіна трывога — мацярынскі неспакой. Таксама захацелася «раскусіць» гэтага чалавека — а што там усяродку? Ды ў яго моцная ахоўная шкарлупка — немнагаслоўнасць. Яна спадабалася там, за сталом. Але такі стары зубр, як ён, Антанюк, не можа не ведаць, што і за глыбакадумным маўчаннем часам хаваецца пустэча. Нямала страчаў і такіх.

Сяло некалі, у далёкія часы, цікава забудоўвалася: тры вуліцы ішлі паралельна, гароды ў гароды. Вуліцы тут, на Палессі, шырокія, не вузей якога мінскага праспекта. Так бы і далей забудоўваць. Але калі сядзібы пачалі перакройваць — каго абрэзаць, каму прытачыць, новыя хаты павыраслі паміж вуліцамі, без усялякай планіроўкі, новыя хаты — добрыя асабнякі, аазісы ў «сумным ландшафце». Нават цяпер, зімой, калі ўсё навокал гола, хатам гэтым надаюць утульнасць сады. «Садок вішнёвы каля хаты…»

Калі Іван Васільевіч сказаў пра планіроўку, Віталія з сарказмам адказала, што будаваліся тут пераважна тыя, хто меў права ставіць хату па прынцыпу: «дзе хачу, там будую» — былыя старшыні калгаса, сельсавета, брыгадзіры, сельпоўцы, участковы міліцыянер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: