Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Хвошч вунь павярнуўся «заднім фасадам» да Васількова і падсунуў яму пад вокны ўборную. Няхай, маўляў, нюхае.

Алег Гаўрылавіч дакорліва паківаў галавой, не ўхваляючы такую неэстэтычнасць настаўніцы. А ёй хоць бы што.

— Яны заеліся некалі, два старшыні — калгаса і сельсавета, хацелі з’есці адзін аднаго. Але разумны сакратар райкома абодвух пратурыў. Мінулым летам Васількоў яблыкі краў у Хвашча. А той пекануў яму соллю ў мяккае месца. Таварыскі суд судзіў. А мама — засядацель. Нарагаталіся ўсе да болю…

Віталія са смехам, з гумарам расказвала пра славутых навасёлаў.

Часам Іван Васільевіч прыкмячаў залішнюю ўедлівасць і бязлітаснасць у яе расказах. Гэта яго па-бацькоўску непакоіла: няма чаго маладой настаўніцы быць зласлівай; людзі ёсць людзі, за слабасць іх варта высмейваць, за подласць — караць, але не валіць усё ў адну кучу, не распальваць у сабе злосць і нянавісць. Сказаў пра гэта далікатна, мякка. Алег Гаўрылавіч ахвотна падтрымаў. Віталія не запярэчыла: яна згодна. Згодна з ім — Алегам. Яна заўсёды будзе згодна з ім, абы ён толькі дарыў сваю ўвагу, ласку. Мілая і заўсёды разумная жаночая пакорлівасць!

Антанюк падумаў, што, калі яны стануць мужам і жонкай, гэтая адданасць можа згасіць у ёй многа добрых, яркіх іскраў.

«Я кахаў Вольгу, кахаў Надзю. Я — грэшны… Але я не патушыў іх агню, ніводную не зрабіў сваім ценем, жонкай у патрыярхальным сэнсе, палюбоўніцай у абывацельскім значэнні. Не таму, што я такі… перадавы. Не, хутчэй за ўсё таму, што яны такія. Заставаліся верныя сваім характарам. Застанься і ты, дзіця, сама сабой, які б ён ні быў твой абраннік! Але як сказаць табе пра гэта?»

На «праспекце» Віталія зрабілася сур’ёзная і заклапочаная.

Падышлі да новага двухпавярховага будынка з белай цэглы. Побач з пачарнелымі хатамі (тут, на вуліцы, амаль усе старыя) ён выглядаў палацам. Віталія паказала на яго.

— Кантора саўгаса. Прыгожа, праўда? — яна спытала, здавалася, з гонарам, але тут жа павярнулася ў другі бок і сказала сумна: — А там наша школа. Праўда, затое ў нас два будынкі. Другі вунь на той вуліцы, у царкве. Кончым урок тут — бяжым туды. Пад дажджом, у завіруху. Добрая зарадка.

— Ёсць школы, дзе становішча горшае, — сказаў Алег Гаўрылавіч.

— Вялікі аптыміст! Як ты ўмееш суцяшаць сваіх падначаленых! Але растлумач мне: чаму кантору для бухгалтараў трэба будаваць у першую чаргу?

Алег Гаўрылавіч паскардзіўся Антанюку:

— Ніяк не можа зразумець, што гэта розныя ведамствы, розныя крыніцы выдаткавання.

— Не магу! Гэтага я не магу зразумець! І не хачу! — амаль крыкнула Віталія са злосцю. — Я ведаю адно: усе крыніцы — з адной крыніцы!

Дырэктар паціснуў плячамі.

— Нарэшце, аснова ўсяго — матэрыяльная база.

— А вось гэта я разумею, дарагі Алег Гаўрылавіч. Здала палітэканомію на пяцёрку, — сказала яна лагодна, з усмешкай, але за ўсмешкай гэтай схаваўся сарказм, які пацешыў Івана Васільевіча і супакоіў.

«Ды не, здаецца, не так лёгка зрабіць яе пакорлівай служкай. Бунт — яе стыхія. Яна яшчэ пакажа табе зубкі, пане дырэктар».

Пасля Віталія паказала клуб і… дом дырэктара саўгаса. Як школа з канторай, так і гэтыя будынкі былі насупраць адзін аднаго, цераз вуліцу. Дзяўчына больш не тлумачыла, толькі сказала, што былы дырэктар, напэўна, думаў аб планіроўцы сяла, таму не палез на гароды, а паставіў сціплы фінскі домік у адзін рад з хатамі. Домік сам па сабе сапраўды сціплы, але аброс прыбудовамі — шлакаблочнай кухняй, трохі не большай за ўвесь дом, зашклёнай верандай; на падворку — цагляны пограб і хлеў, у якім прасторна размясціліся б паўдзесятка кароў і столькі ж свіней.

Віталія, пэўна, хацела здзівіць Івана Васільевіча. Ды нішто яго здзівіць не магло: усё ён бачыў, усё ведаў, у прыватнасці добра ведаў тыя аперацыі, з дапамогай якіх будуюцца вось так — усё па каштарысу і ўсяго ў тры разы больш. Мясцовая ініцыятыва. За яе не караюць, а нават хваляць. Бяда толькі, што праяўляецца яна часцей за ўсё на збудаванні дамоў дырэктараў саўгасаў, старшынь калгасаў, ляснічых, раённых работнікаў. Не, у райцэнтрах, бадай, радзей, бо менш прастору ініцыятыве, менш сваіх уласных, не ўлічаных, сэканомленых матэрыялаў, а людзей на будаўніцтве занята больш, чым у саўгасе дзе-небудзь, і кожны нешта прыбудоўвае ці надбудоўвае ва ўласным доме.

Іван Васільевіч з гумарам сказаў пра гэта. Рассмяшыў Алега Гаўрылавіча. А Віталія ўздыхнула: — А на рамонт школы кубаметр дошак бывае цяжка выпрасіць.

Але, бывае і так. Усё залежыць ад таго, які след пакінула школа ў галаве таго ці іншага кіраўніка. На жаль, неаднолькавы след яна пакідае, не аднолькавай глыбіні барозны ў мазгах.

Яны не спыняліся, каб разгледзець старыя ці новыя пабудовы. Асабіста Івана Васільевіча больш цікавілі старыя, іх своеасаблівая архітэктура, палеская, непаўторная. Ён быў адзін з тых нямногіх, хто горача падтрымліваў ідэю аб стварэнні музея сялянскага быту, такога музея, які стаў бы даследчым цэнтрам, каб і архітэктары, якія праектуюць новыя сёлы, маглі павучыцца і выкарыстаць элементы нацыянальнай архітэктуры, а не капіравалі чужое, далёкае і непатрэбнае.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: