Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Настаўніца збянтэжылася. Куды дзелася яе іронія! Чалавека, які ўмее рабіць тое, чаго не ўмее яна, нельга не паважаць.

— Прабачце, я не так сказала. Я разумею. Вось гэтаму і навучыце нас — добраму густу. Нарысуйце новыя фасоны, каб прыгожа было, зручна. Да нас жа тады ўвесь раён кінецца. З райцэнтра будуць прыязджаць.

Маша падумала і, мабыць, убачыўшы нейкую новую перспектыву для сябе, згадзілася:

— Добра. Давайце створым такі гурток.

— Не, праўда, вы не ўяўляеце, як гэта патрэбна і як хораша будзе. І для вас! Вам жа сумна…

Іван Васільевіч распытваў гаспадара пра саўгас. Скардзіўся Сівалоб: неразумна плануюць, без уліку таго, што іх саўгас за сто вёрст ад горада і вакол бездарожжа, вясной і ўвосень да чыгункі можна толькі на трактары дабрацца. Казаў праўду, але не без хітрасці: асцярожненька капаў на сваё кіраўніцтва, падкідваў факцікі — ведаў Антанюкоў характар, разлічваў, што той не змоўчыць, дзе-небудзь выкажа гэтыя факты.

«Усё ты ведаеш. Дзіўна, чаму ты не ведаеш, што я на пенсіі? Ці не шукаў ты ў той час шчасця дзе-небудзь у другой рэспубліцы?»

Саўгасныя справы па-сапраўднаму цікавілі Івана Васільевіча, і размова ішла жыва. Сівалоб расказвае не без хітрыкаў. Але і ён, Антанюк, распытвае, каб зразумець — які той дырэктар? Якія ў яго планы? Як за год вывучыў гаспадарку, людзей? І паступова пераконваўся: не змяніўся Гардзей Лукіч Сівалоб, якім быў, такім застаўся, зверху блішчыць, а ўсяродку — пуста. Глыбакадумна выказвае агульнавядомыя ісціны — пускае пыл. А эканоміку не ведае. Кіруе ўвогуле. Вось жа праклятая інерцыя! У атэлье яго трэба было ўладкаваць разам з маладой жонкай, няхай бы моднічалі, а не саўгас даручаць. Дык не ж — лічыцца спецыялістам па зямлі. Круціцца на адной і той жа арбіце.

Маша паказвала свае эскізы новых фасонаў. Да жанчын далучыўся Алег Гаўрылавіч; сумная для яго была размова пра саўгасную эканоміку.

Доўга пілі каньяк. Так і не дапілі. Паўпляшкі засталося — для іншых гасцей.

Віталія спытала на вуліцы:

— Што гэта за парода, Іван Васільевіч?

— Мілыя людзі,— адказаў Алег Гаўрылавіч.

— О, гэта вельмі цікавая парода! — сказаў Антанюк.

Пасля, ужо ў змроку, калі загарэліся агні і ў святле, што падала з вокнаў, кружыліся дзіврсныя матылі, яны хадзілі па вуліцы ўдваіх — Антанюк і Віталія. Правёўшы Алега Гаўрылавіча, вярталіся дадому, дзе іх чакала Надзя, чакала з нецярплівасцю і трывогай. Каля сваёй хаты дзяўчына папрасіла:

— Раскажыце… пра маіх сясцёр і брата.

За дзень, у размовах з людзьмі, Іван Васільевіч неяк адышоў ад таго, што здарылася раніцой, амаль забыўся на сваё рызыкоўнае прызнанне, а калі прыгадваў, то здавалася яно далёкім сном, фантазіяй, якая нікога не кранула, нічога не змяніла. Надзя, Віта жылі па-ранейшаму сваімі клопатамі і пра іх, штодзённыя клопаты, больш за ўсё гаварылі. Ажно — не, не так усё проста. Выходзіць, дзяўчына жыла ўвесь дзень з думкамі пра яго бацькоўства, больш таго — пра сваіх сясцёр і брата.

Нечакана просьба яе ўразіла Івана Васільевіча: як усё гэта важна і сур’ёзна, якую адказнасць ён узяў на сябе! І як заблытаў свае адносіны з многімі блізкімі людзьмі!

Ён пачаў расказваць пра Ладу. Чаму пра яе першую? Відаць, жыла падсвядомая вера, што Лада раней, чым хто іншы, можа зразумець яго… Напэўна, ён даўжэй, чым трэба, і з большым захапленнем гаварыў пра малодшую дачку. Віталія — о жах! — сказала з дзіцячай рэўнасцю:

— Больш за ўсіх любіце Ладу.

Іван Васільевіч спахапіўся.

— Ды не, цяжка сказаць, каго больш, каго менш. Бацькоўскія пачуцці — складаная рэч. Колькі дзён назад я адчуў такі смутак па сыне, што не ўтрымаўся і ў тую ж ноч паехаў… А пасля…

Хацеў сказаць: «А пасля, у поездзе, — па табе і, бачыш, апынуўся ў вас», — але не сказаў, не хацеў больш маніць, бо ў поездзе ён думаў пра яе маці.

Віталія не звярнула ўвагі на гэтае «а пасля». Ціха, нясмела папрасіла:

— Можна мне як-небудзь прыехаць да вас?

Такая натуральная просьба! І калі ўжо ён рашыў рызнаць яе сваёй дачкой, то, безумоўна, павінен быў адразу адказаць: «Вядома ж, можна».

Дзіўна, чаму ён затрымаўся з адказам?

Віта спытала шэптам:

— Вы баіцеся, што гэта ўскладніць вашы адносіны з сям’ёй? З вашай жонкай…

— Не. Я не баюся.

— Я нічога не скажу. Я — дачка вашага партызанскага сябра. Няўжо ніхто з дзяцей вашых сяброў не заходзіць? Мне так хочацца пазнаёміцца…

— Пра што ты кажаш! Вядома ж, можна. Трэба! Абавязкова трэба прыехаць! Ты — дачка майго лепшага сябра! Там, у лесе, твая маці была самым блізкім мне чалавекам. І ты! Дзіця атрада! Цябе любілі. Ты даўно магла прыехаць. Мая віна…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: