Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Бухгалтар дакорліва паківаў галавой, з мяккай усмешкай на прыгожым твары, звяртаючыся пры гэтым да Антанюка: маўляў, палюбуйцеся, які жартаўнік наш дырэктар, часам перасольвае, але чаго не даруеш дасціпнаму чалавеку!

— Зайсці пазней, Валянцін Адамавіч?

— Зайдзі пазней, дзед.

Калі Будыка, нарэшце, усіх выставіў з кабінета і яны засталіся ўдвух, Іван Васільевіч перасеў у мяккае крэсла, на месца бухгалтара. Вельмі зручнае крэсла. Увогуле яму падабаўся гэты прасторны, з густам — нічога лішняга! — абстаўлены кабінет. Ён нават зайздросціў трошкі Будыку — тады, калі яшчэ меў свой кабінет, цеснаваты, са старой мэбляй. У такім кабінеце, як Будыкаў, з’яўляюцца маштабныя, аб’ёмныя думкі. І ў той жа час неяк лягчэй адключаешся ад спраў, ад сур’ёзнага роздуму, каб хвілін колькі адпачыць вось у такім мяккім крэсле. Выкурыць добрую цыгарэту, выпіць кубачак кавы. Мілс іншым, Будыка і гэта ўмеў арганізаваць: кабінет яго — бадай, адзінае месца ва ўсім горадзе, дзе госцю хутка і прыгожа могуць падаць сапраўдную каву.

Іван Васільевіч пашкадаваў, што даўно кінуў курыць, — раптам чамусьці захацелася закурыць. І кавы захацелася. Валянцін быццам прачытаў яго думкі. У дзвярах ужо стаяла сакратарка.

— Галіна Арцёмаўна, нам кавы. Па апошнім рэцэпце.

— З каньяком?

— Ах, Галіна Арцёмаўна! Выдаеце вы мяне з галавой. І каму? Партдзяржкантролю!

— Не крыўляйся, Валька, — проста сказаў Іван Васільевіч, калі сакратарка зачыніла за сабой дзверы. — Не такі ўжо ў цябе талент гумарыста!

— А можа ён толькі раскрываецца? Адкуль ты ведаеш?

— Позна.

Будыка выйшаў з-за стала, сеў у крэсла насупраць, тварам у твар, спытаў сур’ёзна, з шчырасцю і заклапочанасцю блізкага чалавека:

— Як там Вася?

Івана Васільевіча кранула яго шчырасць. Вольга праўду казала: што ні здаралася, як там ні было, Валянцін заўсёды заставаўся самым блізкім, самым верным сябрам сям’і, ніколі не адварочваўся.

— Нічога. Нясе службу, як кажуць ваенныя.

— Нешта ж вельмі нечакана ты сарваўся. Вольга назаўтра Мілі пазваніла з трывогай. Не паверыла табе, што нічога не здарылася. Я таксама занепакоіўся. Папрасіў генерала Воднева па іх лініі звязацца з Крымам, з часцю. Пад вечар ён мне пазваніў, што ўсё ў парадку, Васіль Іванавіч Антанюк жывы, здаровы, на ранейшым месцы, нясе службу спраўна і гэтак далей.

— Дарэмна ты турбаваў людзей.

— Я ж ведаю цябе не горш, чым Вольга. Не ў тваім характары такія паездкі.

— Да сына?

— Многа разоў ты раней ездзіў?

— Не папракай. Відаць, старэю. Больш пачаў думаць пра дзяцей. Часам адчуваю, што не ўсё зрабіў, што мог бы зрабіць. Дзеля дзяцей.

— А чаго недарабіў? Хіба толькі з Васілём паспяшаўся…

У парыве сяброўскай шчырасці захацелася расказаць пра наведванне да Надзі, пра Віталію, пра сваё нечаканае прызнанне ёй. Параіцца, як паводзіць сябе далей, напрыклад, на той выпадак, калі Віта прыедзе, а яна напэўна прыедзе… Што сказаць Вользе, Ладзе? З кім яшчэ можна параіцца пра гэта? Галоўнае — тлумачыць нічога не трэба, Валянцін усё ведае да драбніц… І ўсё зразумее…

«А ці зразумее?» — спыніла сумненне, якое ўзнікае не ўпершыню. Здаралася, што і тады, у партызанскай зямлянцы, Будыка не ўсё разумеў. А цяпер, калі апынуўся на вышыні славы, стаў гаспадаром гэтага адменнага кабінета, даўно ўжо слухае і чуе ў першую чаргу самога сябе. А можа гэта ён, Антанюк, апошні час замыкаўся, рабіўся падазроны і недаверлівы? Калі чалавека лічыш сябрам, трэба ісці да яго, як кажуць, з сэрцам на далоні. А ён прыходзіў да Валянціна гэтак?

— …Сын сказаў штось непрыемнае, што ты нахмурыўся?

— Я? Не. Мы хораша пагутарылі. Вася не крыўдуе. І я пераканаўся, што служба яму на карысць. Мора яго зачаравала. Адзінае, што мяне трохі засмуціла: застанецца хлопец на моры.

Будыка засмяяўся.

— Цяпер бачу, што старэеш. Хочацца табе сабраць дзяцей пад сваё крыло? Не выйдзе, Ваня! Не той час! Няхай ляцяць! У мора. У космас. Куды каго цягне.

Сакратарка прынесла каву. Паставіла паднос з кубкамі на круглы столік. Сказала прозвішча чалавека, які чакае ў прыёмнай.

— Папрасіце яго зайсці праз гадзіну. І тады ўжо — з ходу да мяне. Хто б тут ні быў. А цяпер — няхай прабачае. Іван Васільевіч — рэдкі госць. Хоць па ўсіх лініях яму належыць наведвацца часцей. Як сябру…

Галіна Арцёмаўна, прывабная жанчына з тых, чый узрост даволі цяжка вызначыць, па-змоўніцку ўсміхнулася: маўляў, усё ведаю, тлумачыць не трэба.

Нядобра неяк кальнула яе ўсмешка Івана Васільевіча. Зразумеў: супраць камісіі настройваецца апарат інстытута, ад самога Будыкі, яго намеснікаў да сакратарак і машыністак. Прыйшоў сюды з жаданнем пагутарыць з Валянцінам сардэчна, шчыра, па-сяброўску. Нават калі той закіпіць — скарыць, утаймаваць яго сваім спакоем. А тут раптам уласнае мора гайданулася, ударыла першай хваляй, і праз хвіліну ад душэўнага штылю нічога не засталося. Ну і нервы! На д’ябла яму трэба такія хваляванні? І праз што?

— Сядзем туды, зручней будзе.

З адмысловай тумбачкі, што стаяла каля круглага століка, Будыка дастаў пачатую пляшку каньяку, чаркі.

Антанюк паспрабаваў «разрадзіць» сябе жартам:

— Ого! З шыкам жывеш! Можна пазайздросціць.

— Шмат каго так і есць, як іржа, гэты перажытак. Ну, будзьма!

— Кажуць, скардзішся?

— На каго? — Будыка адхапіў, як апёкшыся, паднесеную да рота чарку, паставіў назад на стол. — Скарджуся? Не. Проста ветліва хачу паказаць тваім пенсіянерам дзверы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: