Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Ды што ты! Такі вучоны, такі дзеяч — і спалохаўся народнага кантролю? Штосьці ў цябе няладна, Валянцін. Не ад упэўненасці такая нервознасць…

— Усё ў мяне ладна. Не бойся. Упэўненасці ў рабоце, у сваіх людзях пазычаць не стану. Але не дазволю, каб нехта матляўся пад нагамі, пачынаў мышыную валтузню… абывацельскае збіранне плётак. Вы месяц праз лупу разглядаеце дысертацыю майго сына.

— Дысертацыя твайго сына — адна з лепшых.

Будыка ўсхапіўся з месца, узрадаваны і абураны.

— Ага! Што! Не выйшла? Асечка? Правяральшчыкі! — і тут жа пайшоў на мір: — Сам чытаў?

— Чытаў. Не ўсё, праўда, зразумеў — складаныя разлікі. Але спецыялісты далі высокую ацэнку.

О, вялікая сіла — бацькаў гонар! Заззяў чалавек, але працягваў абурацца:

— А ты думаў — Будыка цягне ў навуку сына па блату? Цягне бяздарнасць?

— Я так не думаў.

— Ты не думаў, другія падумалі. А ты паверыў. Камісію ўзначаліў. Ніхто цябе не прымушаў. Навошта гэта табе, скажы мне? Пенсію табе павысяць, ці што?

Цяжка, з гулам ударыла хваля крыўды і абразы. Зноў пенсія! Ударыла ў сэрца, пагнала кроў у скроні. Але зноў выстаяла дамба спакою, не абвалілася, не прарвалася.

— Хацеў памагчы табе.

— Памагчы мне? — ашаломлена перапытаў Будыка і спыніўся побач, разглядаючы сябра, як дзіва заморскае. Антанюк каўтнуў каньяку, запіў кавай. Гэта, пэўна, яшчэ больш ашаламіла гаспадара. І абурыла. Спытаў прыдушаным шэптам: — Такім чынам? — І тут жа бухнуў рогатам: — Дзякуй табе! Ты выратаваў мяне. Ад чаго толькі?

— Хачу выратаваць. Ад цябе самога.

Валянцін Адамавіч з такой жа раптоўнасцю і нечаканасцю перайшоў да паважнай сур’ёзнасці.

— Прабач, я забыўся. Цяпер у цябе адзіны занятак — памагаць сябрам… Найвышэйшая місія!

Гэта была таксама абраза, танчэйшая, а таму больш злосная. Але — дзіўна — яна амаль не кранула; хваля адхлынула, пакаціўшы з шоргатам гальку старой абразы. Цяпер можна наступаць, не баючыся сарвацца.

— Ты ўзрадаваўся за сына. Я таксама радуюся за Фелікса. Ён ідзе ў навуку. А побач паўзуць смаўжамі, лезуць у кожную шчыліну розныя жукі і… кляпні. І ты патураеш ім. Кляпнёў — будучы кандыдат! Смеху варта!

Будыка сеў. Выплеснуў у шырока разяўлены рот каньяк, выцер хусцінкай рукі — відаць, яны спацелі. Сказаў спакойна, па-свойску:

— Нічога ў вас не выйдзе і тут, Іван. Кожны мае права здаць мінімум і пісаць на любую тэму. У Кляпнёва няпланавая тэма. Зарплату ён атрымоўвае не за напісанне дысертацыі. Абараняцца будзе не ў нас, калі ты ведаеш палажэнне. Я — не навуковы кіраўнік яго. За аднаго з жукоў я нясу пэўную маральную адказнасць. Але ў жукоў ёсць Жук, — Будыка засмяяўся. — Я не без грахоў, Іван. Але ратаваць мяне няма ад чаго. І ад каго. Няма. Дарэмна траціш час, камандзір. Ні. Кава стыне.

— За тваю ўпэўненасць. Але я хачу зразумець. Навошта вучонаму Кляпнёў?

Будыка скрывіўся як ад зубного болю.

— А-а, чорт! Даўся табе гэты Кляпнёў. Ды зразумей, нарэшце. Ён патрэбны не вучонаму, ён патрэбны дырэктару, які адказвае за ўсё. Але я не магу дзень і ноч аддавацца адміністрацыйнай рабоце, я — вучоны, канструктар. Для цябе Кляпнёў — прайдзісвет, для мяне — дзялок, выбівала, даставала, як хочаш называй. І мне патрэбны такі чалавек. Ён працуе за пяцярых. Ён вызваляе мяне ад дробных клопатаў. Ён адзін можа раздабыць і гатунковую сталь, і гэты вось каньяк, які таксама часам патрэбны. Я не крахабор і не ханжа. Мне трэба жыць з людзьмі і працаваць… Ты пачынаеш здзіўляць мяне, Іван. Раней ты ніколі не быў бясплодным маралістам. Ты — чалавек канкрэтнай справы. І грахоў у цябе не менш, чым у мяне. Не рабі цяпер з сябе святога. Ведаем…

Гэта была амаль пагроза. Але — дзіўна — і яна мала кранула Антанюка. Ён толькі падумаў, што правільна зрабіў, не расказаўшы пра Надзю і Віту.

— Калі я раблю з сябе святога, на мяне ўсё роўна ніхто не моліцца. А ты хочаш, каб на цябе маліліся. Ёсць розніца.

Зноў гаспадар павесялеў, і гэты раз, здаецца, шчыра, без ігры: круціў лыжачку, па-блазнюцку ўсміхаўся.

— Ты цяпер толькі адкрыў, што на мяне моляцца? Моляцца даўно. Але хто? І завошта? Хто разумее маю працу, мае станкі… Мае заслугі перад прамысловасцю. Ні палітыка, ні навука не могуць быць без аўтарытэтаў. А ты ўзяў за мэту скінуць з п’едэсталаў усіх святых. Спрабавалі нядаўна. Але тут жа ставілі новых, супраць якіх ты сам выступіў. Прырода не любіць пустаты. Галоўнае — высветліць, за што моляцца і як… па добрай волі ці… па загаду… У навуцы не загадаеш… У нас ісціны канкрэтныя.

Іван Васільевіч глядзеў на сябра і… любаваўся, без іроніі, шчыра, яго самаўпэўненасцю, пераможным наступам: на пазіцыі праціўніка. Яго прагным жаданнем і ў гэтай застольнай спрэчцы апынуцца на белым кані. Але Антанюк, як добры тактык, бачыў усе яго абмашкі і выбіраў момант, каб нанесці рашучы ўдар. Па-партызанску. Больш, бадай, не трэба, зацягваць праціўніка ў балота разважанняў, у якіх ён можа патануць сам. Вялікая спакуса — даць бой у чыстым полі. Каб удар быў элементарна просты.

— Ты вырашыў узвесці сабе «помнік нерукатворны» за аўтаматы, скапіраваныя з чужых… І, між іншым, не самых лепшых, ужо ўстарэлых… За кнігу, дзе формулы тэарэтычных разлікаў спісаны з чужой кнігі…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: