Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Наступіў узрост, калі я пачынаю даганяць вас.
— Не спяшайцеся, — пажартаваў Антанюк, але, зразумеўшы, што не любіць чалавек гаварыць пра свае гады, вярнуўся да справы, з-за якой яго запрасілі: — На што скардзіцца Валянцін Адамавіч?
— Кажа — ад вашай праверкі ліхаманіць інстытут. Перашкаджае творчай працы.
— Творца!..
Сакратар пільна паглядзеў на Антанюка.
— Што вы так… амаль зняважліва. Буйнейшы наш вучоны.
— Я не замахваюся на яго вучоны аўтарытэт. Але чым мы перашкаджаем яму? Асабіста з ім, здаецца, ніхто яшчэ з нас не гаварыў.
— Вось гэта і дрэнна. Гэта людзей нервуе. І вы не гаварылі?
— Я гавару з Будыкам амаль штодня. Але я не спецыяліст. А ў нас няма пакуль што агульных вывадаў.
— Дарэчы, ён ставіў пытанне, што камісія не аўтарытэтная. Не спецыялісты.
— Няпраўда. У камісіі ёсць інжынер-машынабудаўнік. Між іншым, не пенсіянер яшчэ. Ёсць эканаміст-планавік. А ў такіх галінах, як партыйная работа, кадры, думаю, можам і мы, пенсіянеры, разабрацца.
— Думаю, што можаце, — згадзіўся сакратар і задумаўся, акрабатычна круцячы тоўсты сіні аловак. — Якія ў вас адносіны з Будыкам?
Антанюк здзівіўся.
— Ён казаў што-небудзь пра нашы адносіны?
— Не. Але казалі другія. Яшчэ тады, калі камісія пачынала работу.
— Мы разам партызанілі. Разам сёрбалі і бяду і радасць. Два дзесяткі год дружым, дружаць нашы сем’і. Вам сказалі іншае?
— Ды не. Гэта ж. Таму, прызнаюся, мне тады не спадабалася, што групу ўзначальваеце вы. І вас не разумеў — чаму згадзіліся? Урэшце, ніхто вас не мог прымусіць. Добрая воля.
— Не падкоп рабіць пад Будыку ці пад каго-небудзь я ішоў. За многія гады працы я прывык разумець партыйную праверку як. жаданне памагчы арганізацыі, людзям. За выключэннем, вядома, незвычайных выпадкаў, калі патрабуюцца тэрміновыя аргвывады. Валянцін Адамавіч — добры інжынер, вучоны, чалавек з галавой. Але і ў яго ёсць свае слабасці. Я іх ведаю лепш, чым хто іншы. Мне хацелася памагчы старому сябру… Збоку заўсёды відней.
— Ён гэта зразумеў інакш.
— Шкада. Але ён чалавек настрою. Пашумець, паказаць сябе любіць, але і пераканаць яго можна. А справе было б на карысць.
Сакратар стоена ўздыхнуў.
— Скардзіўся ён не ў гаркоме. Вышэй. Адтуль быў званок. І даволі катэгарычны. Ваша памылка, што вы занадта расцягнулі праверку. Гэта сапраўды, як сказалі, пенсіянерскія тэмпы.
Зноў — пенсіянерскія! Іван Васільевіч узлаваўся. Сакратар, гэты малады сівы чалавек, раптам паблекнуў у яго ўяўленні.
«Няўжо і ты спалохаўся? Ох, як мы баімося, каб не выцягнулі з-пад нас крэсла! Нехта там пазваніў, не разабраўшыся, і ты гатовы біць адбой, таксама не ўпікнуўшы ў сутнасць».
Сказаў груба, са злосцю:
— Усё ясна, таварыш сакратар. Пенсіянерскую лавачку зачыніць! Работу камісіі — на сметнік. Не перашкаджаць вучоным! Так?
Яўген Паўлавіч ледзь прыкметна ўсміхнуўся і з дакорам паківаў галавой.
— Гарачы вы чалавек, Антанюк.
— Дык ужо які ёсць. Перарабляцца позна.
— Дык вось што. Не так! Зусім не з такім намерам я вас запрасіў. Тут вы яўна паспяшаліся з вывадам. Скажыце, можа быць сур’ёзная размова па выніках работы камісіі? Каб не па дробязях. Не па адным тым, што Будыка ўзяў на работу свайго сына.
— Сын яго — лепшы работнік.
— Нават так? — здзівіўся сакратар.
— Сапраўдны будучы вучоны. Для размовы хопіць іншых тэм. Больш сур’ёзных. Наколькі, напрыклад, аўтаматы, спраектаваныя інстытутам, знаходзяцца на ўзроўні дасягненняў сусветнай канструктарскай думкі. Вышэй ці ніжэй.
— Камісія здолее разабрацца ў гэтым?
— Спрабуем.
— Апошняя іх аўтаматычная лінія выстаўлена на Ленінскую прэмію.
— Выставіцца — яшчэ не значыць атрымаць. Пакрасавацца можна, праўда. У спісах. Узняць сабе цану. Хто-ніхто задавальняецца гэтым.
— Думаю, Валянцін Адамавіч мае надзею на большае.
Івану Васільевічу раптам стала весела. Пэўна, таму, што зразумеў, як нялёгка было сакратару зрабіць выбар: і пасля таго, як выказаў сваё прынцыповае рашэнне, усё яшчэ ўзважвае, вымярае, цягне размову ў такім плане, быццам аспрэчвае ўласнае рашэнне ці хоча папярэдзіць яго, Антанюка, з кім той мае справу.
— Вучоныя інстытута калі-небудзь атрымаюць прэмію. Але ім трэба памагчы.
— Ім ці іх дырэктару?
Антанюк засмяяўся.
— Яўген Паўлавіч, скажыце Будыку, што работай камісіі яму памагаюць атрымаць прэмію. Эх, выдасць мне Валянцін! Але — нічога. Было, што мы за пісталеты хапаліся. Аднак нішто не пашкодзіла нашай дружбе.
— Прашу аб адным: скончыць работу хутчэй. Нельга цягнуць, калі такія скаргі.
— Спяшацца не будзем, каб не наламаць дроў. Але пастараемся не зацягваць.