Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Але пакуль яны прабраліся на сваё месца, там сядзеў ужо Стасік — пралез пад сталом. Малы паводзіў сябе дзіўна. Ён раптам загарэўся любоўю да Лады, хоць звычайна ваяваў з ёй з-за тэлевізара, — хацеў сядзець толькі побач з нявестай і… раўнаваў да Сашы; яшчэ ўдзень сказаў яму: «Ідзі, ты — чужы».
Пакуль Мілана недзе ў спальні прычэсвалася, лепшыя месцы пазахоплівалі іншыя госці, і Будыкам мімаволі прыйшлося мясціцца на краі стала. А Кляпнёў усё-такі пралез наперад, уціснуўся між маладзейшых жанчын і ўжо абварожваў — шаптаў на вуха то суседцы справа, то суседцы злева нешта смешнае.
Чалавек энергічны, Іван Васільевіч увесь той дзень быў асабліва актыўны, дзейны, вясёлы. А тут раптам, невядома з якой прычыны, апанавала яго дзіўная абыякавасць. Не хацелася ні піць, ні есці, ні — тым больш — гаварыць. Быццам застолле гэтае шумела ўжо цэлыя суткі і ён, гаспадар, знясіліўся, знямогся. Але першаму нібыта належала гаварыць бацьку. Ён папрасіў наліць і ўзняўся з чаркай у руцэ. За сталом прыціхлі. Нават маладыя ў пакоі праз калідор, калі ўбачылі, што нявесцін бацька падняўся, — зашыкалі адзін на аднаго: хацелі пачуць, што ён скажа. Але нічога не пачулі. Сказаў Іван Васільевіч ціха, стомлена і коратка:
— Што вам пажадаць, дзеці? Як заўсёды ў такіх выпадках — шчасця, ладу. А чаго ж яшчэ? Падзякуем гасцям, што прыйшлі парадавацца разам з намі. І… вып’ем. А што яшчэ? — спытаў быццам разгублена, быццам сапраўды не ведаючы, што яшчэ можна сказаць ці зрабіць, і атрымалася гэта хораша — наіўна і з гумарам. Госці стрымана засмяяліся. Заварушыліся, бліжэйшыя пацягнуліся чокацца.
— Віншуем, Лада!
— Саша! Быў ты матросам — стаў мужам. То будзьма! — сказаў паэт і, здаецца, адзін паспеў перакуліць сваю чарку, бо ўсіх іншых спыніў Будыка.
— Чакай, Іван! Нешта ж вельмі куца ты сказаў. А сказаць трэба так, каб вечар гэты, словы пажаданняў запомніліся маладым на ўсё жыццё. Гэта ж вяселле! Вяселле! Адно слова якое, з якім сэнсам! Успомніце, якое яно было ў нашых бацькоў. Калі сядалі за сталы, паэт наш сказаў: «Маладых — на кажух». Але, маладых садзілі на дзежку, на кажух. І гэта не смешна. Быў глыбокі сэнс. Быў абрад. Складаны, доўгі, разлічаны на розныя эмоцыі — на ўспамін нявесты пра дзявочае жыццё, на смутак ад ростані з роднымі, на жаль хлапецкай вольнасці і на радасць, што прыйшло каханне, што яднаюцца сэрцы, з’яўляецца новая сям’я, а з ёй — новае жыццё. Абрад абуджаў адвечную надзею людзей, што дзеці будуць жыць лепш, чым жылі бацькі…
— Палітграмата, — сказаў паэт, закусваючы.
Жанчыны шыкнулі на яго; мужчыны, якія прагнулі выпіць, зайздросцячы паэтаваму спрыту, ухвалілі ўсмешкамі: давай, маўляў, спыні гэтага самазванага прамоўцу.
Будыка пачырванеў, нервова каўтануў паветра, але не сумеўся — збіць яго было нялёгка; раздражнёнасці сваёй не выдаў,— наадварот, сказаў мякка, жартаўліва:
— Не, дарагі паэт, гэта не палітграмата. Палітграмата — твае вершы.
Засмяяліся многія. Але паэта гэта не збянтэжыла, толькі дало магчымасць пад шумок наліць і, падміргнуўшы гаспадару, перакуліць яшчэ адну чарку. Моладзь у другім пакоі таксама не дачакалася канца Будыкавай прамовы — зазвінела чаркамі, застукала нажамі, загаманіла.
— Мы разбурылі абрад. І страцілі прыгажосць, святасць гэтай незабыўнай падзеі — вяселля. На месцы разбуранага трэба будаваць новае. Ва ўсіх галінах, ва ўсіх сферах, матэрыяльных і духоўных, у нас — новае. Нам трэба новыя абрады! На жаль, маўчаць нашы паэты, этнографы…
— Абрады стварае народ, — адарваўся ад закусі паэт. — І ты, часціна народу, замест нуднай прамовы, прапанаваў бы нешта новае. Эпізод абрада. Глядзі — пайшло б з сённяшняга вяселля.
Словы гэтыя такі збілі Будыку. Прапанаваць ён нічога не мог. Мусіў адбівацца:
— Вас, дармаедаў, колькі там сядзіць, і вы нічога не можаце прапанаваць. А я будую машыны.
— То і будуй на здароўе, — не вытрымаў урэшце Касач. — А мы вып’ем за маладых. Без рэлігіі. Старой. І новай.
Ніхто не зашыкаў на сівога камандзіра. Засмяяліся жанчыны. Хто-ніхто з мужчын кульнуў чаркі: колькі можна чакаць!
Сапсавалі тост Валянціну Адамавічу.
— Лада, за тваё шчасце! За тваё шчасце, Лада! Я насіў цябе на руках і ганаруся табой. Як роднай дачкой. Валагодзец! Уручаем табе скарб. Беражы! Табе выпала шчасце. Чокаюся мысленна, Лада.
Іван Васільевіч чакаў канца сябравага тосту, але слухаў дрэнна — назіраў за Кляпнёвым: як той, аблізваючы губы, з паднятай чаркай глядзеў у рот шэфу. Раней Кляпнёў не выяўляў гэтак адкрыта такой падхалімскай паважлівасці, трымаўся незалежна, часам нават нахабна і дзёрзка. А тут як бы дэманстраваў сваю адданасць, вернасць. Чаму? Можа таму, што адразу адчуў: не «стрэліць» Будыка сваёй прамовай, не здзівіць «тэорыяй абраду» — госці не задаволены яго спазненнем і прагнуць хутчэй дабрацца да таго, што выстаўлена на сталах. Кляпнёў не дурань, псіхалогію застолля ведае. А яшчэ лепш ведае шэфа, яго самалюбства.