Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Да гаспадара паволі вярталася яго заўсёдная цікавасць да людзей… Гэтак жа, як верны Эдзік, Мілана натхняла мужа позіркам. Во жонка, якая моліцца на свайго Вальку! Амаль усіх мужоў жонкі шпіляюць на людзях, злосна ці кпліва, Мілана — ніколі. Некалі Антанюк прасіў іх: «Пасварыцеся хоць раз пры мне. Як вы сварыцеся? Не сварыцеся? Ох, і нудна ж вам жывецца».

— Абрады будуць пасля, — сур’ёзна сказаў паэт, калі Будыка ўрэшце выканаў першы абрад — прапусціў асвячоную няўдалым тостам чарку; паэтавых слоў не зразумелі, ды і ніхто не хацеў ужо нічога разумець.

Застолле зашумела.

— Тата, ты з абрадам жаніўся? — смяялася Лада.

— Пасля небагатай вячэры ў бабулі Маланкі я павёў тваю маці на сваю халасцяцкую кватэру. А гэта кіламетраў за сем, цераз лес; восень, цемра, мы збіліся з дарогі і блукалі трохі не да раніцы. Але нам было весела, ноч тая запомнілася на ўсё жыццё.

— Ты бачыш, ва ўсіх была рамантыка. А ты, лесавод, нічога не можаш прыдумаць.

— У нас — прыгожыя вяселлі. Я — за абрады.

— Ісціна канкрэтная, Саша. Якога абраду ты хочаш тут, у горадзе?

— Каб запісвалі не ў тым цесным пакойчыку, дзе нас з табой. А каб у высокай зале. І каб іграў арган…

— О божа! Баха? Моцарта? Рэквіем можа? Каб ты плакаў па сваім халасцяцкім жыцці? І плакалі бабулькі ад замілавання, на цябе гледзячы?

— Лада, не блазнуй. Ты зусім не такая. Не палохай мужа.

— Тата, я дзіця атамнага веку. Я — за фізіку, а не за лірыку. Але, калі хочаце, я буду чытаць Блока. Магу зрабіць вам вечар паэзіі.

— Слова мае Міхась Іванавіч!

— Просім, прафесар!

— Маладыя, увага! Маю тост! Во. Каб было ў вас столькі дзяцей, колькі кропель у гэтай маёй чарцы. Во! Ха-ха.

— А там — тры кроплі.

— Міхась Іванавіч! За такі тост ды столькі піць! Ды то ж абраза для маладых.

— Наліць яму!

— Плюнь ты на сваю пячонку!

— «Ісціна — у віне», — казалі старажытныя філосафы.

— Яшчэ адзін доктар вылез. Найвялікшыя арыгіналы — гэтыя дактары навук. Дасціпнасць б’е крыніцай! Ажно вушы вянуць. Пі, Саша, за нашых дзяцей.

— Лада, табе належыць быць сёння добрай і ласкавай. Ён — выдатны філосаф.

— Тата! Выдатных філосафаў за гісторыю чалавецтва было два ці тры. Філосаф, які не ведае будовы атама…

— Лада! Да цябе прыслухоўваюцца…

— А віно горкае. Горка! — заверашчала спрытная маладзічка, узрадаваная, што адкрыццём сваім апярэдзіла ўсіх іншых.

— Выцірай губы, жаніх. Пачынаюцца абрады.

Але паднялася саркастычна настроеная нявеста з сарамлівай усмешкай. Маладыя прыстойненька, чуць дакрануўшыся, пацалаваліся.

Ім запляскалі.

— Во, цяпер соладка.

— Еш, Саша. Худзей па метаду дактароў навук. Яны худзеюць па метаду выцяснення. Ведаеш такі метад? Чарку гарэлкі выцясняюць селядцом, селядзец — салатам, салат — адбіўной… І гэтак далей…

— Дзе там Вася?

— Без цябе ён загіне, гаротны. Моліцца на Свету. Ты паспяшаўся з жаніцьбай, любы мой. Там ёсць на каго памаліцца. Бачыў, якія багіні? Света — што з другой планеты зляцела.

Івану Васільевічу хацелася слухаць адну дачку ды яшчэ хіба ўнука. Ён з болем думаў, як сумна зробіцца ў доме, калі Лада паедзе. Не вернецца Васіль. Аддаліліся Мая і зяць. Адна пацеха — унук. Пагладзіў малога па галоўцы; Стасік з незвычайнай, недзіцячай сур’ёзнасцю сядзеў паміж ім і Ладай — побач з Ладай. Спробы маці і бабулі выцягнуць малога з-за стала сустрэлі рашучы пратэст не толькі яго самога, але і Лады, якую, напэўна, расчуліла такая нечаканая пляменнікава любоў.

Івана Васільевіча таксама кранала гэтая боязь дзіцяці, што нехта чужы забярэ Ладу — яго Ладу; Стасік ажно ножкай тупаў, калі мама ўдзень сказала, што цяпер ужо Лада не яго. «Не, мая Лада! Мая!» Іван Васільевіч успомніў пра гэта і адчуў, што вочы напаўняюцца слязьмі. Не хапала яшчэ расплакацца перад гасцямі! Нішто будзе выгляд у былога камбрыга! А можа трэба было не згадзіцца на гэта паспешлівае вяселле? Не, не мог. Аднойчы запярэчыў…

Хлапчына ўвайшоў у зямлянку нясмела. У кажуху. З пугай у руцэ. Павітаўся не па-вайсковаму. Нязграбна, па-старэчы сцягнуў з галавы абсмаленую недзе каля кастра, а можа і ў баі, аўчынную шапку. Будыка тут жа зрабіў партызану заўвагу — вучыў вайсковай дысцыпліне, асабліва такіх, маладых.

Хлопец зусім разгубіўся.

«Дык я ж па прыватнай справе… да камбрыга».

«Па якой бы справе вы ні звярталіся, звяртацца належыць па форме, — прабіраў начштаба. — З якога атрада? Прозвішча?»

«Мікола… Кірэйчык…»

«Што ў цябе, Мікола?» — спытаў я, шкада стала хлопца.

У яго заняло дыханне, а твар зрабіўся што пераспелы памідор. Ён нацягнуў шапку і… выпаліў «па форме»:

«Таварыш камбрыг, дазвольце жаніцца! Камандзір атрада таварыш Каткоў…»

«Не дазваляе? — Будыка зарагатаў.— Даваяваліся!»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: