Шрифт:
Мефістофель
Таму, як бачыце, загінуў скора. А я дык не тужыў бы дужа, Ў жалобе пахадзіў бы год, А там — прыгледзеў бы другога мужа.Марта
Не ўлічыш загадзя выгод! Яно б няблага, толькі, дружа, Мужчын свабодных не відно. А мой па свеце швэндаўся чагосьці, Любіў чужое піць віно, Чужых жанок і гульні ў косці.Мефістофель
А вы адно ў адно, што клін да кліна! Калі не заступаў дарогі вам Да ўцех, якімі ласаваўся сам, Вам не жыццё было — маліна. З такой умовай, маладзіца, І мы патрапілі б згадзіцца.Марта
А пан, па-мойму, з добрым перцам.Мефістофель (сам сабе)
Пара ўцякаць. А бабка — ліха фунт: Гатова чорта — у хамут!(Маргарыце.)
А што ў паненкі? Як там з сэрцам?Маргарыта
Пра што вы?Мефістофель (сам сабе)
О, дзіця, дзіця!(Уголас.)
Бывайце ж!Маргарыта
З богам, пан!Марта
Хаця — Я б мець пасведчанне хацела, Калі і як мой муж пакінуў свет І дзе ўпакоілася цела, Усё, каб як належыць, каб як след, Каб некралогі, выразкі з газет…{57}Мефістофель
Ды што прасцей! Бо праўда — гэта ж тое, За што выказваюцца двое.{58} Дарэчы, прыяцель мой тут, Я разам з ім прыйду на суд У сведкі.Марта
Я ўжо вам аддзячу!Мефістофель
А ці паненку тут убачу?.. Ён хлопец бравы, а з манер Галантны рыцар, кавалер.Маргарыта
Пачырванею. Ах, ну што вы!Мефістофель
Трымайце нораў! І нахмурце бровы!Марта
Сягоння мы, як сонца сядзе, Чакаць вас будзем тут у садзе.Вуліца{59}
Фаўст. Мефістофель.
Фаўст
Ну што? Якія ў вас навіны?Мефістофель
Во! як палае наш герой! Лічыце Грэтхен загадзя сваёй. Мы ў садзе ў Марты сёння быць павінны. А Марта — зводніца і скнара, Сказаць па праўдзе — чорту пара.Фаўст
Выдатна!Мефістофель
Патрабуе платы Марта.Фаўст
Яна любой падзякі варта.Мефістофель
Мы прысягнуць павінны, я і вы, Што муж няшчаснай — нежывы І пахаваны ў Падуі ў саборы.Фаўст
У Падую? Дарога зноў, турботы, зборы?Мефістофель
Sancta simplicitas{60}! Дзівак! Мы можам сведчыць проста так!Фаўст
Я вам не хлус!Мефістофель
Змагар за праўду! Мо ніколі Вы людзям глупства не малолі? Хіба пра бога, рух свяціл, планет, Пра чалавека і яго духоўны свет Не гаварылі смела і глыбока З апломбам знаўцы і прарока? Але ж сабе прызнайцеся хаця, Што тайны сэнс і змест жыцця Вядомы вам, мой друг упарты, Не больш, чым доля мужа Марты.