Шрифт:
Уваходзіць Мефістофель.
Мефістофель
Ці не абрыдла вам яшчэ? Ці, можа, досыць той забавы? Нядрэнна скаштаваць любоўнай стравы, Ды нам далей пара, жыццё ж цячэ.Фаўст
Няма ў цябе другой турботы, бачу, Як ліпнуць да мяне ўвесь час смалою?Мефістофель
Ну-ну! Пайду сабе — і не заплачу! — Я так не раю жартаваць са мною. Калі ты гэткі грубіян, дзікун, То, кінуўшы цябе, не шмат я страчу. Ты дзень у дзень служы яму, цікуй, Насі, вазі, шукай яму дзяўчат,— А ўсё не так табе, не ў акурат.Фаўст
Ты што? Чакаеш ад мяне падзякі За кожны выбрык свой, фартэль усякі?Мефістофель
А як жа ты, зямлі гаротнай сын, Прабавіў бы жыццё сваё адзін? Хіба не я, хіба не чорт Цябе пазбавіў ад згрызот? Каб не стараўся я і не штукарыў, Даўно б ты, пане мой, зямельку парыў; Чаго ж бо ты, нібы сава ў дупле, Не на дажджы сядзіш, але ў цяпле, Сядзіш, як жаба сярод багны, І смокчаш гразь, да ежы прагны,— А планаў маеш колькі ў галаве! — Не, доктар у табе яшчэ жыве.Фаўст
Каб ведаў ты — як ачуняў я скора І колькі сіл дала мне гэтая пячора, Вярнуўшы дар шчаслівай маладосці! Каб ведаў ты, дык пазайздросціў!Мефістофель
Прыемнасці, відаць, нямала — Вылежвацца ў траве, нагульваць сала, І заадно ў нябёсы ад зямнога Ляцець на крылах мар, ляцець да бога, І думкай працінаць зямлю і цвердзь, І божыя тварэнні ўразумець, І асалодай незямной упіцца, Ў любові зноў расчулена забыцца, Турботы будныя забыць І свой парыў…(Робіць непрыстойны жэст.)
маўчу… вось гэтым завяршыць.Фаўст
Цьфу на цябе!Мефістофель
Ай-ай! Не даспадобы! — Яму варочае вантробы! Ханжам заўсёды вянуць вушы Ад рэчаў, да якіх імкнуцца душы. Я ж толькі даў магчымасць вольна жыць. Сябе самога часам пачмурыць, А ты адразу — на дыбкі. Калі характарам такі, Дык можаш розумам звіхнуцца, Зноў у віры шалёным апынуцца. Пра тое годзе! Грэтхен там — адна. Вядро наплакала з тугі, І мроіцца ёй вобраз дарагі — Па вушы закахалася яна. Твая любоў нядаўна бушавала, Нібы вясною горная рака, І да грудзей яе дапала,— Ды з той ракі цяпер не вып’еш і глытка. Па мне, чым тут бадзяцца па балоце, То лепш было б вярнуцца зноў, Каб у салодкай, радаснай пяшчоце Аддзякаваць красуні за любоў. Гадзіна днём, дзень тыднем ёй стае, Сядзіць, глядзіць, як за акном Заткалі неба хмары шэрым палатном, «Чаму не птушка я?» — пяе. Туга дзяўчыне сэрца разрывае. То падбадзёрыцца, то зноў на твар Кладзецца роспачы цяжар, То моўчкі пацеркі перабірае, Імя тваё з журботай паўтарае, То зноў у слёзы, зноў у плач — А ты тырчыш тут, як таўкач.Фаўст
Змяя! Змяя!Мефістофель (сам сабе)
Ну вось, падсек цябе ўжо я!Фаўст
Не спакушай жа, дух паганы, Не развярэджвай, д’ябал, раны, Не трэба мне падступныя парады,— Яны распальваюць агонь пажады.Мефістофель
Дзяўчына думае цяпер, Што ўцёк падступны кавалер…Фаўст
Дзе б я ні быў, куды б я ні прыстаў, Забыць яе, пакінуць — не змагу я. Зайздрошчу целу госпада Хрыста,— Яго ж на споведзі яна цалуе.Мефістофель
І я зайздросціў, гледзячы на вас, Калі між ружаў ты блізнятак пас.{66}Фаўст
Прэч, зводнік!Мефістофель
Смех з такога гневу! Сам бог, ствараючы Адама й Еву, Чыніў святую справу першы, Хвілінку вольную займеўшы! Хадзем! Чаго разводзіць нам нуду, Я ж у пакой да Грэтхен павяду, Не на пагібель, не на кару.Фаўст
У палкіх пацалунках — рай! О, на грудзях яе памерці дай! Я не забыў пакут яе, сустрэцца мару. Ці ж не пачвара я, дурны, няўдалы, Ці не ўцякач, які пакінуў дом І горнай рэчкай падае на скалы Ды мчыць далей да прорвы, напралом? А там унізе, недзе, у даліне, У хатцы, мілае дзіця — яна Ў турботах хатніх не спачыне, У свет малы замкнутая, адна. Няўжо таго было мне мала, Што, божы нелюб, я хапаў Рукамі скалы як папала, І іх крышыў, і разбіваў? Я на спакой яе наклікаў хмары, Ты ж, пекла, прагнула ахвяры! Але, што нам наканавана, — не міне! Дык скараці мне, д’ябал, час жуды, Хай лёс яе спасцігне і мяне, Каб разам знікнуць назаўжды.