Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Моладзь помсціла ім: збіраліся на ўзбярэжжы і наладжвалі гадзін да двух-трох ночы такія канцэрты, што нават салдатам у гарах за многа кіламетраў не спалася. Пузатыя класікі прыходзілі слухаць гэтыя канцэрты, а назаўтра скардзіліся мясцовай міліцыі, што ім не даюць спаць і яны не могуць тварыць свае бессмяротныя шэдэўры.

Лада ўмела расказаць пра гэта з асаблівым гумарам. Яго, Антанюкоў, стары сябра — пісьменнік, які некалі адпачываў у гэтым доме, качаўся ад смеху, слухаючы Ладзін расказ. Можа дачцэ таму і падабалася, што яна атрымала тут зарад свежага гумару. Хаця, дзе сонца і мора, маладосць і песні,— там не можа не быць хораша і весела. Відаць, і ён, стары скептык, здолеў бы ацаніць першароднае хараство гэтага кутка, каб наваколле — горы і мора — было заліта, няхай і халодным, лістападаўскім сонцам. І каб былі людзі. А то — як відаць мокрая дарога і глінабітныя хаціны пасёлка — ніводнай жывой душы. Дзіва што! У такую пагоду добры гаспадар сабаку з хаты не гоніць.

Іван Васільевіч адчуў, што змарыўся. Гэта з ім рэдка здаралася нават і ў апошнія, пенсійныя, гады. Раптам захацелася зайсці ў адзін з тых белых дамоў у садзе, запаліць там печку, калі яна ёсць, і сядзець перад ёй, слухаць грукат мора і свіст ветру. Ён пасмяяўся з гэтага: сапраўды ўжо зусім пенсіянерскія жаданні!

Вунь і будыначак пошты. Іван Васільевіч адразу пазнаў яго. Здалёк. Наогул шмат што — на дзіва знаёмае, быццам ён быў тут многа год назад і пасля таго першага наведвання дзе-што не пазнае: змянілася, вырасла, забудавалася, але шмат што засталося знаёмым. Пра пошту таксама расказвала Лада. Яна любіла прыходзіць сюды чытаць аб’явы. Якіх тут не было аб’яў!

«Шукаю спадарожніка (лепш спадарожніцу) да Ленінграда на матацыкл. Пажадана, каб вага пасажыра разам з чамаданам не перавышала 70 кілаграмаў».

Антанюк зайшоў у будынак пошты. Пуста і холадна. Толькі пах незвычайны — не клеем, не паперай, а вяленым вінаградам. Ад паху такога зрабілася весялей, як ад сонца, ад маладога віна.

За лета тут прывыклі да незнаёмых людзей. Дзве работніцы не звярнулі на яго амаль ніякай увагі. Адна, старэйшая, забівала пасылкі, вельмі спрытна працуючы малатком, як добры майстра, быццам усё жыццё заганяла цвікі. Яна трымала цвічкі ў роце. І на прывітанне наведвальніка адказала лёгкім кіўком. Мабыць, гэта ад яе пасылак пахла вінаградам. Але чаму яна сама забівае? І не адну, не дзве.

Над дашчатым бар’ерам узвышаўся адмысловы стажок пышных, але абясколераных валасоў. Стажок нават не варухнуўся на яго прывітанне. Іван Васільевіч заглянуў за загародку і ўбачыў мілы і просты дзявочы тварык, схілены над страшэнна зачытанай кнігай. Такія дзяўчаткі, пачынаючыя модніцы, якія ведаюць сабе цану, любяць пакрасавацца перад кожным чалавекам, а таму бываюць прыветлівыя і словаахвотлівыя. Шматвопытны Антанюк рэдка памыляўся ў распазнаванні людзей. Вось чаму ён і звярнуўся да маладой красуні, аматаркі старых раманаў. Далікатна кашлянуў над стажком. Дзяўчына не зірнула нават.

— Прашу прабачыць. Вы не змаглі б сказаць, як мне прайсці да вайсковай часці…— ён назваў паштовы нумар, які пісаўся на канвертах.

Красуня глянула адным вокам і груба адказала:

— Мы — не бюро даведак.

— Я разумею. Але… я прыехаў наведаць сына… Ён служыць тут…

— То няхай бы ваш сын напісаў, як шукаць яго.

— Ён і напісаў, што трэба ехаць да вас…

— Зайдзіце ў пасялковы савет, — параіла старэйшая, перапыніўшы працу і праз бар’ер падазрона аглядаючы не самога Антанюка, а чамусьці яго ногі.

Івану Васільевічу зрабілася крыўдна. За дзяўчыну.

«Я разумею: ты, магчыма, не маеш права сказаць, як прайсці да часці, хоць сотні адпачываючых хадзілі туды. Лада расказвала, як нахабныя дзяўчаты троху не лезлі цераз агарожу… Але калі ты ўсведамляеш, што жывеш на марской граніцы, і ведаеш, што патрэбна пільнасць, то праяві хоць яе — зацікаўся мной, паглядзі ў твар. Няўжо ты так зачарсцвела на сваёй рабоце, што страціла ўсялякую цікавасць да людзей».

— Можна пакінуць у вас чамадан? Каб не хадзіць з ім.

— Мы — не камера…

— Дзіцятка маё! А ці нельга адказваць больш ветліва і далікатна?

— Я вам не дзіцятка! — і зноў-такі не адрываючыся ад кнігі.

— Прашу прабачыць. Але няўжо вам так хочацца сапсаваць мне настрой, старому, здарожанаму чалавеку?

Толькі тады дзяўчына павярнула да яго твар, паглядзела добрымі чыстымі вачыма і… зачырванелася.

«Дзякуй богу, не ўсё ў табе яшчэ згасла», — падумаў Іван Васільевіч, уздыхнуўшы.

Старэйшая сказала:

— Давайце ваш чамадан. Але мы толькі да пяці.

— Я вярнуся да пяці.

Лада расказвала так падрабязна, давала такія прыкметныя арыенціры, што, напэўна, ён знайшоў бы Васіля, ні ў каго не пытаючыся. Але каб горы не ахуталіся хмарамі і каб былі відаць і тая торная сцежка, што адразу за пасёлкам вядзе па голым схіле да грады горнага дубняку, і скала, што нагадвае сілуэт чалавека, і антэна на вяршыні…

А так трэба ісці «насляпую».

Іван Васільевіч адразу ж за вінаграднікам павярнуў з шашы на вытаптаную тысячамі ног шырокую, як добрая дарога, сцяжыну і… палез у горы. Сапраўды, не ішоў, а лез, бо сцежка была слізкая, з-пад камення і жвіру цякла сіняя гліна. Чым вышэй — тым мацней сек у шчаку калючы дождж. Добра, што прадбачлівая жонка паклала ў чамадан плашч. Але плашч, світэр — гэта не для гор. Спацеў. Пачуў сэрца. Яно сігналіла, як бы папярэджвала: асцярожна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: